Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мама
Усе мы – кропелькі той адвечнай, невычарпальнай крыніцы, імя якой – мама. Ніколі не перасыхае гэтая крынічка – ніколі не памірае мама. Яна – у нашых сэрцах, нашых думках, яна заўсёды побач з намі – у радасці і горы, яна тое адзінае асяроддзе, па-за якім чалавек існаваць не можа...
Мая мама – самая прыгожая ва ўсім свеце. Мая мама – самая добрая ва ўсім свеце. Мая мама – самая працавітая ва ўсім свеце, і яшчэ... мама была няшчасная, бо не дай Бог нікому перажыць пяцёра сваіх дзяцей.
Але і ў беднасці, і ў горы мама была шчаслівая тым, што выраслі, вывучыліся астатнія дзеці, нарадзіліся ўнукі...
Я ганаруся сваёй мамай за прыгажосць яе душы, за яе чалавечую годнасць і мужнасць,з якой яна прайшла праз усе жыццёвыя выпрабаванні, асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мама выпякала партызанам хлеб, а калі немцы спалілі хату, засталася з партызанскім атрадам у лесе.
Дзякуючы толькі ёй мы, чацвёра яе дзяцей, засталіся жывымі, вырваліся з нямецкага акружэння, дзе загінулі сотні і сотні людзей, нават без дзяцей на руках.
Дзякуючы ёй мы не памерлі ад пасляваеннага голаду, калі не было ні крошкі, ні лушпінкі, ні зернетка. Гэту «ласку» жыцця я добра памятаю.
Дзякуючы маме мы не памерзлі ў сырой і халоднай зямлянцы, уратавалі свае душы ад жорсткасці і нянавісці да ўсіх і ўсяго. Мама не скардзілася, не ныла, яна змагалася за нас...
Усё сваё жыццё, колькі памятаю, мама не выпускала з рук іголку – «абнаўляла» кожны вечар да позняй ночы нам і сабе вопратку, ляпіла і ляпіла лаціну на лаціну...
У апошнія гады мамінага жыцця мы, усе яе дзеці, кожную нядзелю збіраліся сем’ямі разам вакол мамы, шумна абедалі, горача спрачаліся і гутарылі, спявалі. На ёй трымаўся свет нашых узаемаадносін, наша кроўнае адзінства.
Не стала мамы – і ўсё пасыпалася. Мы паселі па сваіх кватэрах, нас паглынулі сямейныя дробязі, мы пачалі аддаляцца адно ад другога.
Вось што значыцца мама!
Мама была старэнькая, нямоглая, але яна была. Я адчуваў яе прысутнасць кожнай крывінкай, я адчуваў сябе дужым, значным, патрэбным гэтаму свету...
Пасля яе смерці я адчуў сябе псіхалагічна нямоглым, адзінокім, непатрэбным, слабым. Жыццё страціла цікавасць, каляровасць, сэнс. Даўно злавіў сябе на горкай думцы: «Пры маме я жыў, без мамы – дажываю...»
Вось што значыцца мама...
Мама не толькі касіла і жала, яна яшчэ і сеяла. Яна, думаючы пра будучыню, сеяла ў сэрцах сваіх дзяцей і вакол сябе любоў і дабрыню. Мама паспела ўбачыць і ўсходы, і плады сваіх жыццёвых намаганняў, таму, спадзяюся, што душа яе знайшла спакой...
Ніколі не памірае мама, ніколі не перасыхае адвечная, невычарпальная крыніца яе пяшчоты і дабрыні. Мама жыве ў маім сэрцы, я ў думках размаўляю з ёю, раюся.
Мая мама – самая лепшая ў свеце!
(430 слоў)
Паводле С. Давідовіча
Похожие статьи:
Пераказы → І надыходзіць дзень