Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Малая радзіма

   Малая радзіма – гэта абсяг нашага дзяцінства, гэта тое, што могуць бачыць дзіцячыя вочы і што прагне ўвабраць у сябе чыстая, шчырая душа. Малая радзіма там, дзе гэтая душа ўпершыню здзівілася, узрадавалася і аж зайшлася ад шчасця і дзе ўпершыню засумавала або перажыла сваё першае ўзрушэнне.
   Ціхая вуліца, матчын агародчык, які запрашае, цягне да сябе, каб пачаставаць самымі смачнымі вясковымі ласункамі: моркваю, агуркамі, бобам. Потым – сад, дзе вісне з яблынь цыбулевымі пляцёнкамі галлё з чырванабокімі яблыкамі. За садам – духмяны абшар поплаву, да якога хочацца, як у дзяцінстве, наперагонкі пабегчы і бухнуцца там у азярыну, якая блішчыць на сонцы ў канцы сенажаці. За рэчкаю – суседняя вёска, і заходзіць за раку не трэба: гэта ўжо іншы, забаронены прасцяг.
   Вось, зрэшты, і ўвесь дзіцячы сусвет. Але і гэтага абшару хапае, каб за дзень, пакуль не закоціцца за лес сонца, набегацца і змарыцца. А потым цябе, ужо соннага, падхопіць на рукі маці і панясе тваё падрапанае цела ў ложак. І табе прысніцца, быццам з халадком пад грудзьмі карабкаешся на самае высокае дрэва, каб паглядзець, што ж там далей, за небасхілам.
   Малая радзіма – гэта тое, што на ўсё жыццё адорвае нас крыламі натхнення.
(187 слоў)

Паводле М. Капыловіча

 

Похожие статьи:

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Радзіма

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Алесь БачылаАлесь Бачыла - Радзіма мая дарагая...

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Пераказы, дыктантыГанарымся Бацькаўшчынай