Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ліс

   Выправіўся аднаго разу жыхар вёскі Мокрава Міхась «на паляванне». Стрэльбу не браў. Паляванне ў яго своеасаблівае. Яшчэ ніколі ён не прыносіў ні аднаго трафея: шкадуе жывёлу. А тут, у пойме рэчкі Лань, – рай для рознага звера і птушак.
   Сярод пажухлай мінулагодняй травы і чароту, дзе бялелі плямы снегу, Міхась убачыў на купіне маленькі камячок карычневага колеру з белаватым хвосцікам. На лапках – кіпцюры. Міхась асцярожна паклаў яго ў кішэню, выбраўся з балота на дамбу.
   Жонка Міхася Вера расхвалявалася, убачыўшы звярка. – Ён жа загіне без маці! Навошта ты яго браў? – накінулася на мужа.
   – Падумаў, што ён застаўся сіратой і прападзе сярод балота, – апраўдваўся Міхась.
   Усе губляліся ў здагадках: што ж гэта за звярок? А ён рос, як кажуць, не па днях, а па гадзінах. Калі падрос, пачалі даваць малачко з бутэлечкі.
   Ласкавы звярок, якога назвалі Рыжык, аказаўся лісянём. Калі Рыжык прабягаў міма куратніка, куры пужаліся, кудахталі. А ліс нібы разумеў, што чапаць гаспадарскіх курэй нельга.
   Міхась часта браў яго на паляванне. Рыжык прыбягаў на свіст гаспадара, лашчыўся, як сабака. Міхась быў упэўнены, што ліс не ўцячэ. Але аднойчы, колькі чалавек ні свістаў, колькі ні зваў, ліс не прыбег.
   Міхась і Вера вельмі перажывалі, каб яго хто не застрэліў.
   Мінулі дні, тыдні, месяцы.
   Аднойчы з’явіўся прыгожы ліс і паклаў да ног гаспадара падарунак мышку, Міхась радасна смяяўся. Рыжык скакаў, як сабака, лашчыўся, скуголіў, быццам прасіў прабачэння. Потым адбегся, доўга глядзеў у бок былога гаспадара і знік у кустах.
   Міхась і Вера сумавалі, але і радаваліся за свайго выхаванца: значыць, прыжылося лісяня ў роднай прыродзе.
(252 словы)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗалессе

Пераказы, дыктантыБраніслаў Тарашкевіч