Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ліпень

   Ліпеньская раніца пачынаецца рана, а дзень мае ажно сямнаццаць гадзін! Калі глянуць, якога колеру ліпень, дык кожны адкажа: ён зялёны, як і чэрвень.
   Параўноўваеш месяцы, і здаецца, што яны сапраўды падобныя адзін да аднаго. На першы погляд, нічога ў прыродзе не змянілася. Але варта прыслухацца, прыгледзецца, запрымеціць па гадзінніку, калі ўстала сонца і калі залатым шарам апусцілася за лес. Калі гэтым зацікавіцца, можна знайсці новае.
   Чамусьці сціхлі ў лесе птушыныя спевы. Шмат якія травы, кусты і дрэвы адцвілі ў чэрвені, а на іх гронкамі ці па адным павіслі зялёныя кіслыя плады.
   Многія з нас спяшаюцца пакаштаваць цвёрдыя, як каменьчыкі, маленькія яблыкі. Грызанём, як вавёрка, раз-другі – і шпурляем такі яблык далей ад сябе. Куды смачнейшыя суніцы, чарніцы, маліны – ліпеньскія ягады.
   На старых кустах арэшніку ў лесе ўжо добра відаць гронкі арэхаў. Але рваць іх яшчэ рана. Калі разгрызці такі арэх, у ім сярод белай кіслай мякаці ўбачыш маленькае зярнятка, што зусім не мае смаку. Яно ляжыць сярод спажыўнай мякаці і спее. I не трэба марна губіць гэты падарунак прыроды. Не трэба рваць і зялёныя арэхі, псаваць кусты. Прыйдзе час і на арэхі.
   Па гадзінніку і чэрвеньскім лістку календара можна даведацца, што самыя доўгія дні ўжо адышлі. Дваццаць другога чэрвеня дзень нерашуча пастаяў, а затым, як веснавая вада, пачаў памяншацца. Затое кароценькая чэрвеньская ноч у ліпені становіцца непрыметна даўжэйшай.
   У ліпені прыходзіць канец птушыным спевам. Адзін за адным лясныя спевакі сціхаюць. Куды ні глянь, апусцелі гнёзды. Птушаняты з асалодай пакінулі іх: яны раптам адчулі, што ўвесь свет належыць ім. Не чуваць чароўнага зязюлінага "ку-ку ". Яна даўно параскідала сваіх "падкідышаў" па чужых гнёздах. Зязюля – вельмі карысная птушка, але свае яйкі падкладае ў чужыя гнёзды, прычым толькі тым птушкам, якія харчуюцца насякомымі. Сама яна гнязда не робіць, бо не здолее выседзець птушанят, а затым і пракарміць іх. У ліпені якраз і можна ўбачыць на кусце тоўстае шэрае зязюльчына птушаня. Сядзіць яно на галінцы, шырока разявіўшы аранжавую дзюбу,і непрыемна пішчыць, просячы есці. Велізарнае, яно лётаць не можа, але ежы не шукае, гэта робяць малыя птушачкі. Яны цэлы дзень нясуць і нясуць пражоры вусеняў, жукоў, мух. А той усё просіць і просіць. Прыёмныя бацькі ледзь не падаюць ад стомы, ім самім няма часу што-небудзь праглынуць ці адпачыць. Зязюльчына птушаня за дзень з’ядае намнога болей, чым з’ела б цэлая сям’я тых птушачак.
   Зрэдку ў гэты час адгукаецца флейтай івалга. У лесе чутны птушыныя галасы: стракатанне сарокі, карканне варон, скрыпучы голас сіваваронак і не лепшы голас сойкі. Усе з гэтай браціі падглядаюць, сочаць за чужымі гнёздамі. Здаралася, выкрадаюць яйкі, а часам і птушанят.
   Па бярозавых гаях, па густых лозах поўна птушынай моладзі. Сем’і яшчэ трымаюцца разам, дзеці яшчэ побач з бацькамі. А тыя ад зары да зары вучаць, як шукаць ежу, лётаць і хапаць здабычу ў паветры. Трэба навучыць маладых быць пільнымі, каб не трапіць у лапы каршуну, у зубы куніцы ці якому іншаму драпежніку. Не да спеваў птушкам-бацькам, для іх усе галасы – толькі сігналы.
(478 слоў)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

ПераказыЗвяркі-перасяленцы

ПераказыВаяўнічыя бабры

ПераказыПрадвесне (Паводле В. Ціхановіча)

ПераказыБелая студзеньская казка

ПераказыКастрычнік