Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ліпеньскія лісічкі
З абодвух бакоў зацішнай палявой дарогі стаілася высокая густая збажына, нават Воўка, які ўжо амаль на галаву вышэйшы за бацьку, ледзь дастае каласоў. На зеленаватых, але ўжо засаладзелых каласах засерабрыліся буйныя расінкі-каралі. Мабыць, начныя дажджынкі. Як у срэбраных дыяментах і прыдарожныя травы: рамонкі, васількі, званочкі. А вакол высокая, шчыльная жытнёвая заслона.
– Во гэта жыта! – гучна гаворыць бацька, каб і Воўку кранула яго захапленне жытам. – Воўка, глядзі, якое жыта, – ледзь не крычыць бацька.
Але Воўка маўчыць. Яго, мусіць, не кранае гэтае навакольнае хараство, якое ўліваецца ў душу разам са свежасцю і пахам жыта.
– Воўка, ты, мабыць, і не ведаеш, што во з гэтых яшчэ зялёных каласоў вырабляюцца гэтыя смачныя боханы, якія мы прывезлі з горада? – пытаецца як бы сур’ёзна ў сына.
Той пазірае на бацьку хітрымі вачанятамі, усміхаецца.
– Так і не ведаю! – на твары адкрытая іронія. – Я летась бачыў, як камбайн убірае жыта. Дарэмна, татачка, турбуешся. Думаеш, што твой сын жыве ў горадзе, то нічога і знаць не знае. Я, можа, пасля школы на агранома пайду вучыцца.
Бацька спяшаўся на свае даўно аблюбаваныя і надзейныя мясціны, спадзеючыся натрапіць на неруш, а Воўка цягнуўся нехаця, час ад часу спатыкаючыся і блытаючыся ў густым кучаравым чарнічніку.
– Глядзі ўважліва, кіруйся бліжэй да балацянкі, дзе з зімы затрымалася макрэча, – павучае Воўку, бо бачыць, што ён сягае, задраўшы галаву, і не надта адыходзіць – пэўна ж баіцца заблудзіцца.
– А я грыб знайшоў! – на ўвесь голас закрычаў Воўка і аж зайшоўся ад радасці. – Грыб-баравік!..
Бацька агледзеў сынаву знаходку – чорнагаловы крамяны грыб на вачах цямнеў. Гэта быў так званы падманны баравік, якіх тое лета тут было багата.
Яны доўга шасталі па выжарынах, між калючак ядлоўцаў, дзе, па бацькавых прыкметах, павінны былі аказацца першыя лісічкі. Кожнае лета іх тут высыпала процьма, і ён меў радасць ад грыбнога палявання. Цяпер жа пакуль што іх кошык быў парожні.
Сям-там трапляліся першыя спелыя сунічкі, іх Воўка спрытна абіраў і кідаў у рот. I бацьку раіў: «Давай лепш будзем збіраць ягады. Дзе тыя хвалёныя лісічкі? Эх, бацечка!..»
Воўка поркаўся ў сунічніку, а бацька пачаў аглядаць прыдарожны ўзлесак. Раптам між травы, на балотных купінах як хто рассыпаў мядзяныя кружочкі. Скрозь у траве жаўцелі лісічкі – цэлыя сем’і.
– Воўка, сюды! – закрычаў бацька ў захапленні. – Глядзі, што я знайшоў...
Сын, не спяшаючыся, кіраваў сюды, у зараснік. На яго мокрым, як не сонным твары ўсё тая ж недаверлівая, нават з’едлівая ўсмешка. Прыгнуўшыся, ён убачыў тое, што бацька знайшоў і не чапаў; яму хацелася, каб сын сабраў грыбы сам, сваімі рукамі.
Яшчэ не бачыў ён свайго Воўку такім радасным, усхваляваным. Спачатку ён кінуўся збіраць, а тады падхапіўся, стаяў, як утрапёны; раптам пачаў скакаць і ўсклікваць:
– Лісічкі! Лісічкі ў траве!
Вочы яго блішчэлі, гарэлі, як зыркія светлячкі.
Вярталіся дамоў з поўным кошыкам ліпеньскіх лісічак. Воўка крочыў басанож далёка наперадзе. Бацька крадком цікаваў за ім: ён час ад часу кідаў цёплыя позіркі на кошык з грыбамі.
Бацька ўсцешыўся: у душы хлапчука, мабыць, пасеялася зернетка грыбніка. Яму яшчэ не раз захочацца пабыць і ў гэтым лесе, пахадзіць гэтай палявой дарогай між жыта, палюбавацца хараством заліўных лугоў па-над Свіслаччу.
(495 слоў)
Паводле С. Кухарава.
Похожие статьи:
Пераказы → Таямніцы ляснога свету
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Незвычайны грыбнік