Асенні дзень быў сухі і цёплы.
Ідучы дадому праз лес, Лёнька не трымаўся дарогі, наўпрост пешкаваў. Любіў ён так хадзіць, нацянькі, прывык за час леснікоўства. Раптам нешта мільганула наперадзе. Лёнька прыгледзеўся і ўбачыў, што гэта воўк убіўся ў чародку дзікіх коз і спрабуе якую-небудзь з іх злавіць сабе на спажыву. Няйначай, воўк доўга высочваў коз, пакуль тыя не апынуліся на гэтым дрыгвяністым узбалоцці.
Лёнька ажно аслупянеў, бо здзівіўся спрыту драпежніка. Козы кругом бегаюць, таму што няма куды ім кінуцца, каб набраць хуткасць. Воўк, як відаць, вопытны, бо знарок загнаў іх у твань, на куп’ё. А гэта амаль што смяротная пастка.
Драпежнік не надта марудзіў, умомант схапіў ахвяру, якая была бліжэй да яго, і, не адпускаючы, кульнуў казу сабе на спіну. Воўк пашыбаваў якраз на Лёньку, відаць, браўся на сухое, у яловы гушчар.
Хто не ведае воўчы нораў? Схавае ў балотную твань здабычу і тут жа вернецца, каб зноў прадоўжыць паляванне.
Лёньку як ветрам сарвала з месца, ён гайсануў з-за куста насустрач шэраму ненасыту з крыкам:
– Аддай казу!
Усё так нечакана атрымалася, што звер напраўду спалохаўся, у роспачы кінуў сваю здабычу і сігануў у гушчар.
(187 слоў)
(Паводле А. Масарэнкі)
Похожие статьи:
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Воўк і навука
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Воўк
Пераказы, дыктанты → Шэры драпежнік
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк
Максім Танк → Максім Танк - Конь і Леў