Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ля жывой крыніцы
Восенню, калі над вёскай праляталі птахі, дзяўчынка доўга стаяла на высокім беразе, праводзячы вачамі чараду журавоў.
Птушкі рэдка садзіліся на водную гладзь каля іх вёскі. I было чамусьці сумна, што крылатыя госці пралятаюць міма яе родных мясцін у далёкія краі.
Але аднойчы зімой дзяўчынка прыйшла са школы, выканала заданні і ўжо хацела бегчы да сяброўкі, як раптам адчыніліся дзверы, у хату імкліва ўвайшоў яе брат Мікола:
– Да нас лебедзь прыляцеў! Хадзем, сама ўбачыш!
На воднай гладзі крыніцы брат і сястра ўбачылі птушку.
– А чаму гэты лебедзь не белы, а нейкі шэры? – ціха спытала дзяўчынка.
– Малады, таму і шэры, – адказаў брат. – Вырасце, стане белым.
Брат і сястра спусціліся з берага і падкраліся да птушкі. Лебедзь пачуў чужыя крокі, насцярожыўся, выцягнуў доўгую шыю і праз момант узляцеў. Крокаў за дзвесце птах апусціўся.
– Слабы яшчэ, – уздыхнуў Мікола, – сілы ў крылах няма. I ад крыніцы ён далёка не паляціць. Рэкі і азёры пазамярзалі, а тут вада. Неяк перазімуе, толькі з ежай кепска ў гэты час. Трэба яго падкормліваць...
З гэтага вечара птушка, як родная, увайшла ў жыццё дзяўчынкі, маўклівай радасцю пасялілася ў яе душы.
Зранку і вечарам яна прыбягала да крыніцы, дзе плаваў лебедзь, несла ў руках то хлеб, то пшаніцу, то вараную бульбу. Спачатку птушка дзічылася, не падпускала да сябе, адлятала далей ад крыніцы. Тады дзяўчынка кідала ў ваду хлеб ці ставіла на лёд шкляны слоік з пшаніцай.
Нарэшце птах перастаў дзічыцца. Відаць, ён адчуў ласку людзей.
Аднойчы Алеся расказала пра свайго лебедзя настаўніцы. Пасля ўрокаў настаўніца сабрала ўсіх вучняў з вёскі, дзе жыла Алеся.
– Мы павінны зберагчы лебедзя, – сказала яна. – Я вельмі рада, што вы ўмееце бачыць, адчуваць і разумець прыгожае. Але гэтага мала. Трэба яго адстойваць, зберагаць.
У той студзеньскі дзень Алеся са сваімі сяброўкамі каталася на санках з горкі. Раніцай яны накармілі лебедзя і ўжо збіраліся ісці дахаты, каб зноў аднесці яму корм. Але ў марознай цішы рэзка грымнуў стрэл...
Не зважаючы на глыбокі снег, дзяўчынкі напрасткі пабеглі да крыніцы... На беразе яны ўбачылі крывавыя плямы на чыстым белым снезе. На халодных хвалях крыніцы трапятала шэрае лебядзінае пёрка.
Сляды злачынца абрываліся ля самай дарогі. Ён быў на машыне і забраў з сабою лебедзя. Браканьера знайшлі і пакаралі.
– Лебедзя забіў злы і жорсткі чалавек, – сказала дзецям настаўніца. – На жаль, у асобных людзей яшчэ абыякавыя адносіны да прыроды, спажывецкія.
Мінуць гады, вырастуць Алеся і яе аднагодкі. Але назаўсёды ў памяці застанецца прыгожы, казачны лебедзь, які плаваў у жывой крыніцы...
(418 слоў)
Паводле Я. Пархуты.
Похожие статьи:
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Бомжык
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Снегавічок