Невялікае яркае вогнішча палала на паляне ў густым хвойніку. Нагінаючыся над агнём, Славік стараўся ўбачыць, ці не выкіпела вада ў кацялку, падвешаным на сырой жардзіне. У ім варыліся грыбы: сыраежкі, зялёнкі ды апенькі. І агонь, і пара, і дым пяклі ў шчокі ды ў лоб, але Славік усё ж пабоўтаў лыжкай у кацялку і адчуў, што дробна пакрышаныя грыбы не падгараюць.
Валя апусціла ражон з хлебам і салам над агнём – сала адразу пачало ліцца тлушчам на вогнішча, пахнуць на ўвесь лес.
Славік патрымаў у кацялку нож, насадзіў на яго грыб і паспрабаваў на смак. Абабраўшы дзве вялікія цыбуліны, пакрышыў іх і ўкінуў у кацялок. Нарэзаў дробненька сала і апусціў яго на вечка ад кацялка, паставіў на вуглі, каб заскварыць булён.
Потым Славік дастаў з гарачага попелу некалькі зморшчаных бульбін і пачаў абіраць, сыплючы сабе на калені чорную сажу. Жоўценькую бульбіну падаў Валі.
(144 словы)
Паводле Г. Далідовіча