Варыянт 1 (169 слоў)
За паваротам цямнее ў вадзе нешта вялікае. Я схапіўся рукою за сцябліны, спыніў байдарку і прыглядаюся ўважліва. Гарбаносая галава быццам ляжыць на вадзе, цямнее маленькім астраўком загрывак. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, сляпні.
Не адрываючыся, гляджу я на цудоўны малюнак: жоўта-зялёная сцяна чароту, а ў вадзе, пасярод жоўтых гарлачыкаў і белых лілей, цёмная галава лася з вялізнымі раскідзістымі рагамі.
Неўзабаве лось цяжка ўзняўся. Ён шумна ўздыхнуў і выбраўся на мелкае месца. Вада сцякае серабрыстымі струменьчыкамі з губастай пысы, з шырокай шыі, з мокрых бліскучых бакоў, асветленых сонцам. Магутны лясны волат быў так удала ўпісаны ў навакольны пейзаж. Ён здаваўся жывым увасабленнем самой прыроды ва ўсёй яе красе і сіле.
Лось выйшаў з вады на бераг пратокі. Падмінаючы кусты лазняку і алешніку, ён рушыў скрозь густое спляценне зараснікаў.
Калі ісці далей будзе немагчыма, ён ляжа на жывот і асцярожна папаўзе па дрыгве. Лось – вялікі майстар прабірацца па балоце. Ён лёгка пройдзе там, дзе ніколі не зможа прайсці чалавек.
Варыянт 2 (72 словы)
Моцна трашчыць сухое галлё. З шумам прадзіраецца з гушчару нешта вялікае, дужае. Хістаюцца маладыя бярозкі. Пад напорам цела нікне да зямлі густы падлесак. Гэта зубр. Вось ён выходзіць на лясную паляну.
Я са здзіўленнем, хваляваннем углядваюся ў ляснога волата. Ён аброс густой кучаравай шэрсцю каштанавага колеру. Вялікая галава і грудзі зубра здзіўляюць сваёй веліччу.
У лясным паветры чуецца роўнае, глыбокае дыханне жывёлы. Зубр спыняецца ў задуменні, а потым рушыць далей.
Паводле В. Вольскага
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Уцякач
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык