Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Людская ўвага і ўдзячнасць

   Цётка Сцепаніда падышла да Валі збоку, моцна абняла і пацалавала ў лоб. I Валя прытулілася да цёткі Сцепаніды і таксама абняла яе правай рукою. Дзяўчына адчула, як гулкімі штуршкамі калоціцца цётчына сэрца.
   Цётка Сцепаніда, нібы спахапіўшыся, паспешліва развінула хустачку і дастала цёплыя вязаныя рукавічкі, аздобленыя адмысловым каляровым узорам. «Гэта табе, Валечка, – паказала яна на мігі. – Каб тваім ручачкам зімою цёпленька было. Каб не мерзлі твае тоненькія пальчыкі. Я іх сама звязала».
   Яна ніколі не прыходзіла з пустымі рукамі, абавязкова што-небудзь прыносіла. Валі і браць было няёмка, і адмовіць няшчаснай жанчыне не выпадала. А тая прыходзіла не толькі на работу, а і дома ў Валі бывала.
   Усцешаная тым, што рукавічкі вельмі спадабаліся Валі і што яны былі якраз, цётка Сцепаніда развіталася, яшчэ раз абняўшы і пацалаваўшы Валю. I пайшла. I здавалася, што няма ў гэтую хвіліну больш шчаслівага чалавека, як яна.
   Валя не магла бачыць і ведаць, што як толькі цётка Сцепаніда выйшла са сталовай і завярнула за рог, з яе вачэй паліліся слёзы. Жанчына плакала горка, няўцешна і слёз сваіх ні ад каго не хавала. Стрэчныя людзі, размінуўшыся, паварочваліся і журботна глядзелі ёй услед.
   А сама Валя праз паўгадзіны здала змену і пачала збірацца дамоў. Для гэтага ёй перш за ўсё спатрэбілася працягнуць руку назад, дзе ў кутку стаялі мыліцы1. Яна ўзяла адну мыліцу, потым другую і, абапіраючыся на іх, паклыпала да выхаду на адзінай сваёй назе. Другую нагу яна страціла паўтара года таму назад. Тады яна якраз прыйшла з мамай на вакзал сустракаць бацьку, які вяртаўся з санаторыя. Поезд павінен быў вось-вось прыйсці. I яны выйшлі на перон. Валя стала нецярпліва ўзірацца ў той бок, адкуль павінен быў паказацца бацькаў поезд. Ды раптам яна пачула прарэзлівы паравозны гудок з другога боку. Адтуль на трэці пуць ішоў грузавы састаў. А яшчэ Валя ўбачыла, што проста перад ёю па гэтым самым трэцім пуці спакойненька тэпае нейкая жанчына. Паравоз, даганяючы яе, раве на ўсю моц, а жанчына тэпае і тэпае. Тады Валя яшчэ не ведала, што жанчына проста не чуе таго гудка, што яна наогул нічога не чуе, бо зусім глухая і да таго ж нямая.
   Разумела Валя другое – трэба адвесці ад жанчыны бяду! I яна ў тое ж імгненне кінулася да яе, з разгону штурханула на суседні пуць і сама паляцела за ёю. Ды нечакана зачапілася нагою за рэйкі...
   Так пазнаёмілася Валя з цёткаю Сцепанідай. Праўдзівей кажучы, пазнаёмілася крыху пазней, калі тая стала наведваць Валю ў бальніцы...
   Валя ішла сваёю дарогай, і кожны, хто трапляўся ёй насустрач, вітаўся з ёю. Дзяўчыну ведалі ўсе жыхары пасёлка, і сама яна ведала амаль усіх. Не ведала яна ў твар толькі тых, хто даў ёй сваю кроў, калі дзяўчыне рабілі аж тры аперацыі, калі дактары самаахвярна змагаліся за яе жыццё...
(449 слоў)

Паводле Я. Васілёнка.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСёмае акно