Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лучыннік

   Як змянілася наша жыццё! Ды і мы самі змяніліся ў гэтым жыцці, зрабіліся іншымі, цывілізаванымі.
   Вось адзін толькі прыклад. Паехаў я нядаўна на выхадныя дні ў сваю родную Карпілаўку, а там па нейкай прычыне пагасла электрычнае святло. Справа была позняй восенню, калі цямнее рана, вечары доўгія. Што рабіць людзям без святла? Ні пачытаць, ні напісаць нічога. Але ў вёсцы на такі выпадак у кожнай хаце ёсць яшчэ газавая лямпа. Ёсць такая лямпа і ў мяне. Даліў я ў яе газы, падкруціў кнот – і цемра разбеглася па вуглах. Паставіў лямпу ля ложка, ляжу сабе, чытаю. Начытаўшыся, пайшоў на двор падыхаць перад сном свежым паветрам, зірнуць на далёкія зоркі. Заходжу ў хату і... дыхаць зусім няма чым! Смурод ад перагарэлай газы такі, што вочы выядае.
   Як змяніліся мы ў гэтым жыцці!
   Раней у вёсцы газавая лямпа была адзіным шыкоўным святлом. Жыў я і рос пры ім, перачытаў доўгімі зімовымі начамі мноства розных кніг і ні разу не заўважыў, што газавая лямпа дае нейкі там пах. Пераборлівымі зрабіліся мы, вельмі ж далікатнымі...
   А папярэдніцай газоўкі і газавай лямпы была звычайная лучына. Пры яе сціплым святле праходзілі пасля вайны доўгія восеньскія і зімовыя вечары, рабілася ўся хатняя праца, збіраліся аднавяскоўцы пацешыць адзін аднаго цікавымі байкамі, жартамі ды прымаўкамі. Пры святле лучыны мама зашывала нашу пералатаную вопратку.
   Звычайна ведалі, у каго сёння вечарам будуць збірацца вяскоўцы, таму гаспадары старанна рыхтаваліся да такой сустрэчы, прыбіралі ў хаце, рыхтавалі лучыну.
   Калі надышла чарга збірацца ў нашай хаце, мы таксама сустрэлі суседзяў як належыць. Асабліва вялікае шчасце выпала на маю долю, бо мама загадзя мяне папярэдзіла:
   – Ты, сынок, сёння вечарам будзеш мяняць лучыну! Глядзі ж, каб не згасала яна!
   Даверыць пяцігадоваму хлопчыку такую адказную справу – гэта вам не жартачкі. У мяне ў грудзях усё пякло і гарэла ад усхваляванасці і нецярпення.
   I вось пачалі збірацца аднавяскоўцы. Я сядзеў на сваім адказным пасту – на печы. Побач са мной ляжала цэлая куча тонка пашчапанай, высахлай лучыны. Адна лучынка ўжо гарыць, пускаючы да столі тонкі і віхлявы струменьчык чорнага дыму. Звычайна лучыну ўторквалі ў рог печы паміж дзвюх цаглін, адкуль папярэдне выкалупвалі гліну.
   Якія гэта былі цудоўныя гадзіны майго жыцця! Дарослыя вядуць сваю шумную размову, смяюцца, жартуюць, а ты пільна сочыш за агеньчыкам на лучыне, запальваеш новую, ушчэмліваеш яе паміж цаглін, а абгарэлую асцярожна кладзеш на печ ля сябе і затушваеш. Твае сябры стаяць кучкай ля дзвярэй, слухаюць вясёлыя байкі дарослых і з зайздрасцю назіраюць за тым, як ты забяспечваеш святлом гэтую цікавую вечарыну.
   Ці ж заўважалі мы тады куродым і смурод ад лучыны! Мы былі ўдзячны ёй, яе цьмянаму святлу, яе вясёламу патрэскванню.
   Не ведаю, што адчувае спартсмен, які на вачах усёй планеты запальвае на стадыёне алімпійскі агонь. Думаю, што нешта падобнае перажываў тады і я, запальваючы адну лучыну ад другой.
(452 словы)

Паводле С. Давідовіча.

Похожие статьи:

ПераказыМядовае знаёмства

ПераказыНебяспечная дрыгва

ПераказыПажачкі

ПераказыПадарунак (Паводле С. Давідовіча)

ПераказыГрупавы заплыў