Варыянт 1 (75 слоў)
Якое раздолле ў зялёным бары летам!
Вось касавокі заяц пабег шукаць салодкай канюшынкі. Руплівыя вавёркі абтрасаюць сухія шышкі. Дзятлы заўзята б’юць па дрэвах вострымі дзюбамі. Будуюць лясное жыллё. Не паспеў дзяцел абсталявацца ў дупле, як ужо з’явіўся кватарант – сава ці вавёрка. Па густым зарасніку прамчаўся спуджаны заяц. Цэлымі днямі кружацца каля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны.
На ўзгорках паспелі духмяныя суніцы. Чырвонымі пацеркамі рассыпаліся яны па мяккім моху. Льецца дзіўная музыка птушыных галасоў.
Варыянт 2 (140 слоў)
Якое раздолле ў зялёным бары летам!
Вунь на высокіх кучаравых хвоях і елках смела разгульваюць шустрыя вавёрачкі. Яны спрытна зрываюць сухія шышкі ды, спяшаючыся, нясуць у сваё дупло. Усё лета заняты работай. Голад не цётка, ды і малых гадаваць трэба.
А там, па густым зарасніку, як вецер, прамчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Відаць, яловая шышка, незнарок скінутая вавёрачкай, так напалохала яго. Доўга будзе бегчы, пакуль не ўпэўніцца добра, што ніякага ворага ззаду ў яго няма.
У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца каля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца паміж сабою. Даўгахвостыя дзятлы заўзята барабаняць па дрэвах сваімі вострымі дзюбамі. Адны з іх заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед казюлек, другія – будуюць жыллё.
Розныя дробныя птушкі пырхаюць між галля. Дружным хорам шчабечуць шпакі, весела пасвістваюць івалгі і дразды. І такая дзіўная музыка грыміць у бары.
Паводле А. Якімовіча
Похожие статьи:
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Байка пра казла
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Вераб’ёвы госці
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аладкі
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Аўтамат
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Хітры воўк