Старажытны чалавек ужываў у ежу ўсё, што было навокал. І таму часцяком атручваўся. Паступова ён даведваўся, што для яго карысна, а што шкодна. З цягам часу чалавек вызначыў, што многае з таго, што ён ужывае ў ежу, валодае і лекавымі якасцямі.
Менавіта з тых далёкіх часоў стала вядома, што маліна і ліпавы цвет лечаць ад прастуды.
Сам «бацька медыцыны» Гіпакрат, яго вучні і шматлікія паслядоўнікі былі ўпэўнены, што прырода дала людзям лекі ў гатовым выглядзе. Неабходна выбраць толькі нейкую частку расліны: корань, сцябло, лісце, кветкі, плады – і можна выкарыстоўваць іх для лячэння. Але ўжо ў той час заўважылі, што ўсім лекам уласціва двайное ўздзеянне. У адных выпадках яны дапамагаюць, а ў другіх адмоўна ўздзейнічаюць на чалавека. Таму да лекаў сталі адносіцца як да атруты і выкарыстоўваць іх толькі тады, калі яны вельмі неабходныя.
Хоць лекі – атрута, іншы раз даводзілася лячыцца. Зразумела, што ўжываць якую-небудзь расліну неапрацаванай было не вельмі зручна. Тым больш што яе даводзілася есці вельмі многа. Да таго ж звычайна гэтыя лекі былі дужа нясмачныя, горкія. З гэтай прычыны людзі імкнуліся зменшыць лекавыя сродкі ў аб’ёме, зрабіць іх больш прыдатнымі для ўжывання. Ды і не шкодзіла нарыхтаваць іх. Бо не кожны з неабходных сродкаў заўсёды бывае пад рукой. Зімой наогул здабыць расліну ў натуральным выглядзе амаль немагчыма. Карысныя расліны высушвалі, змяльчалі, расціралі ў муку. Так іх было больш зручна з’яднаць са звычайнай ежай...
Пошукі чалавецтва зручнай формы для лекаў працягваліся не адно стагоддзе. Сёння мы маем іх у самых розных формах – таблеткі, капсулы, мікстуры, сіропы, высушаныя расліны, настоі, лекі ў ампулах... Але толькі доктар можа правільна назначыць лякарства. Толькі тады лекі дапамогуць, не стануць атрутай.
(272 словы)
Паводле Г. Шэршаня