Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Легенды Мірскага замка

   Сапраўднай жамчужынай на далонях беларускай зямлі ўяўляецца Мірскі замак. Давайце прыслухаемся да перашэптвання дрэў у Мірскім парку, да мурлыкання чароту ў возеры каля замкавых сцен, да шчабятання птушак і посвісту ветру над сівымі мурамі, каб пачуць непаўторныя легенды і паданні, што стварыў народ пра гэты ўнікальны архітэктурны помнік.
   Калі стаць тварам да ўваходнай вежы Мірскага замка, справа можна ўбачыць даволі вялікае люстра вады. Возера было выкапана па загадзе князя Мікалая Святаполк-Мірскага. Калісьці на тым месцы рос вялікі яблыневы сад. Ды гэта не стала перашкодай для гаспадара замка. Князь меркаваў так: «Загадаю, заплачу – і зробяць». Але памыліўся, не захацелі міране нішчыць пладавітыя дрэвы, тым больш у час цвіцення. Тады князь наняў работнікаў з іншых мясцін. Сяляне ўзялі ў рукі сякеры, і заплакалі яблыні кроплямі-слязамі веснавога соку, пападалі на зямлю. Не стала саду, які той вясной, як нявеста вэлюмам, быў укрыты белай квеценню.
   Даўней лічылася, што душы памерлых могуць перасяляцца ў дрэвы. Калі ж ссекчы тое дрэва, душа становіцца беспрытульнай і мусіць бадзяцца па свеце. Тады яна пачынае помсціць крыўдзіцелю і шукаць новае прыстанішча.
   Неўзабаве гаспадар замка спазнаў гэтую помсту, засумняваўся ў справядлівасці сваіх дзеянняў. Адной ноччу да яго ў сне з’явілася незнаёмка. Яна не паглядзела, што перад ёю сам князь, насварылася на яго. А пасля пракляла і самога князя, і ягоны род. Так сцвярджае адна легенда.
   Другая ж распавядае, што ў замак здолела патрапіць маці хлопца, які загінуў, калі па княжацкім загадзе высякалі сад. Адзіны сынок быў у матулі. Не магла яна перажыць такога гора, пракляла не толькі князя, а і само возера. Счарнелая ад гора жанчына прадказала, што кожны год вада будзе забіраць аднаго мужчыну за кожнае ссечанае дрэва.
   Невядома, колькі дрэў расло ў садзе. Аднак жыццяў людскіх возера забрала нямала.
   Так гэта ці не, але лепей аберагаць на зямлі сады, каб цешылі яны і кіпенем квецені, і сакавітымі пладамі.
   Будаўніцтва падземнага хода паміж Мірскім і Нясвіжскім замкамі прыпісваюць знакамітаму аматару забаў Каралю Станіславу Радзівілу, празванаму Пане Каханку (менавіта так ён звяртаўся да сваіх суразмоўцаў). Пане Каханку любіў здзіўляць сваіх гасцей і падданых рознымі нечаканасцямі і дзівосамі. Калі быў пракапаны падземны тунэль з Нясвіжа да Міра, князь пачаў ездзіць па ім. Часта браў з сабой гасцей. I вёз іх не ў карэце, а ў санях, запрэжаных мядзведзямі. Сані, як вядома, па зямлі не слізгаюць. Тады ўвесь падземны шлях (а гэта амаль трыццаць кіламетраў) пасыпалі соллю. У выніку мядзведзі лёгка цягнулі сані.
   На паўднёвай сцяне Мірскага замка можна ўбачыць каменную галаву барана. Адны мяркуюць, што даўным-даўно тут сапраўды была замуравана галава жывёліны, каб стала яна надзейным абярэгам ад варожага нападу. Кажуць яшчэ, што раней галава была з рагамі, а між імі свяціўся залаты крыж. Легенда сцвярджае: калі знойдзецца такі дужы чалавек, які здолее выцягнуць галаву са сцяны, дык і сам замак разбурыцца, перастане існаваць. Пакуль выглядвае галава барана са сцяны, датуль будзе стаяць і Мірскі замак. Хай жа бясконца доўжыцца ягонае стаянне!
(474 словы)

Паводле А. Бутэвіча.

Похожие статьи:

ПераказыСімвал магутнасці

ПераказыГальшанскі замак

ПераказыКраіна замкаў

Пераказы«Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»

ПераказыСцены Лоскага замка