Наташа прыйшла са школы і адразу з парога сказала:
– Сёння ў нас вельмі важнае заданне. Трэба знайсці жанчыну – удзельніцу вайны і напісаць пра яе.
– Сапраўды важнае заданне, – згадзіўся бацька, – я табе памагу знайсці.
Яны селі на канапу, і тата пачаў расказваць.
– У час вайны ў нашай часці служыла дзяўчына-санітар. Яе называлі Ластаўкай.
Цяжкай была ў Ластаўкі служба. Асабліва калі ішоў бой. Параняць байца – яна перавяжа. А потым цягне яго ў больш зацішнае месца. Вакол міны і снарады рвуцца, кулі свішчуць. Выратуе аднаго, па другога трэба паўзці.
Многа прайшла яна з намі баёў… Аднойчы мы вызвалілі ад фашыстаў вёску. Фашысты захацелі забраць вёску назад. Раненька пайшлі на нас танкі і пяхота. Пачаўся жорсткі бой. Ад варожага снарада загінуў увесь салдацкі разлік першай гарматы.
Я стаў каля гэтай гарматы і пачаў страляць. Пачулі фашысты, што з гэтай гарматы радзей страляюць, і скіравалі на мяне два танкі. Першы танк я падбіў, а другі – не паспеў. Снарад разбіў маю гармату, а самога мяне цяжка параніла.
І вось у гэты момант паяўляецца Ластаўка. Хапае яна гранату і кідаецца насустрач танку. Танк паўзе, ужо зусім блізка. Ластаўка ўсхопліваецца і кідае гранату пад самую гусеніцу. Выбух. Танк круціцца на месцы і спыняецца…
Я страціў прытомнасць. Расплюшчыў вочы, бачу – вакол байцы стаяць, нада мною Ластаўка схілілася.
А я ў бінтах, ляжу на насілках.
«Ну вось і добра, – усміхаецца Ластаўка, – доўга жыць будзеш, таварыш лейтэнант».
Бацька змоўк.
Маўчала і Наташа. Нарэшце спытала:
– А што далей было з Ластаўкай?
– Дажыла да Перамогі. Вярнулася дамоў. Цяпер у школе дзяцей вучыць. Мы яе зараз пабачым.
Тата ўстаў і павёў Наташу ў іншы пакой. Там, правяраючы вучнёўскія сшыткі, сядзела Наташына мама.
– А вось і наша Ластаўка, – сказаў тата. – Тая самая, якая жыццё мне выратавала.
Паводле В. Хомчанкі
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вярніся, ластаўка!..
Міхась Зарэмба → Міхась Зарэмба - Рыжая ластаўка - ГДЗ
Якуб Колас → Якуб Колас - Ластаўкі
Пераказы → Першы аблёт
Янка Журба → Янка Журба - Ластаўкі