Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лань

   Сонца яшчэ не ўзышло. Начны туман, чапляючыся за елкі, спаўзаў на зямлю. Лес прытаіўся, заціх.
   Прадчуванне незразумелай трывогі закралася ў душу лесніка. Здалёк пачуўся грукат капытоў. Тонкі слых без цяжкасці вызначыў: едуць двое.
   Стары вартаваў княжацкі лес. Жывучы сярод прыроды, ён навучыўся разумець птушак і звяроў лепш, чым людзей. Вясною ён бачыў, як плачуць бярозы, а ўвосень чуў, як жоўта-чырвонае лісце напявае зямлі развітальную калыханку.
   У гады далёкай маладосці былі ў лесніка жонка, маленькі сын. Тупат дзіцячых ножак, смех Яся напаўнялі хату радасным святлом. У вачах жонкі Алены, як у блакітных азёрах, адлюстроўваліся далёкія зоры. Калі яна заплятала касу, здавалася, што гэта сноп спелых каласоў. Рухі яе былі павольныя, і людзі казалі, што так плаваюць лебедзі на княжацкіх сажалках.
   Але прыйшла бяда. Вяртаючыся з палявання, прыкмеціў князь Алену. Запала яна ў яго душу. А праз некалькі дзён уварваліся ў хату панскія служкі, забралі жонку і сына, а беспрытомнага гаспадара пакінулі ляжаць на падлозе.
   Хутка па вёсцы прайшла чутка: Алена кінулася ўночы з замкавай вежы, а маленькага Яся князь адправіў на чужыну.
   Прайшлі гады. Душэўны боль старога прытупіўся, і пайшоў ён да князя прасіцца на службу. Так стаў лесніком.
   ...Тым часам тупат набліжаўся. На паляне з’явіліся княжацкія служкі. Адзін з іх загадаў старому ісці да князя, які чакаў на краі лесу ў акружэнні світы. Доўгія сівыя валасы князя спадалі на плечы. Востры арліны нос і калючы погляд рабілі яго знешні выгляд страшным. Князь надумаў наладзіць паляванне. Ляснік сваю справу ведаў: трэба расставіць лоўчых, загоншчыкаў, падняць звера і гнаць яго на паляўнічых.
   Вось загоншчыкі расстаўлены, зграя сабак ірвецца з ланцугоў. Князь, прышпорыўшы каня, накіраваўся ў глыб лесу. Лясную цішыню парушылі першыя стрэлы.
   Ляснік, абапёршыся на стрэльбу, стаяў пад дрэвам. Ён чакаў, калі выганяць звера. Пачуўся трэск, і на паляну асцярожна выйшла стройная серабрыста-шэрая лань. Маленькія чорныя капыткі нават не мялі траву, а толькі страсалі з яе запозненую расу. У лані былі маленькія белыя плямкі на спіне і вялікая пляма на лбе. Гледзячы на яе, стары з трывогай заўважыў падабенства жывёлы з нечым даўно забытым, такім жа лагодным і пяшчотным. Нечакана лань павярнула галаву, і іх погляды сустрэліся. Уражаны стары здрыгануўся: у лані былі блакітныя вочы, якія даверліва, без страху глядзелі на лесніка. Як яны былі падобны да тых вачэй!
   Побач з ланню, хістаючыся на тонкіх ножках, стаяла маленькае аленяня. Яно прыціскалася да маці, са страхам пазіраючы на чалавека. Так спалохана прыціскаўся да Алены маленькі Ясік, калі з грукатам расчыніліся дзверы...
   Пякучая хваля ўспамінаў нахлынула на старога. Галіны самкнуліся, і ляснік зноў застаўся адзін. I раптам побач раздаўся стрэл. Прадчуванне непапраўнай бяды напоўніла сэрца. Не раздумваючы, стары кінуўся ў зялёныя абдымкі лесу. Яркае сонца спыніла яго на краі паляны. На мяккім дыване палявых кветак ляжала лань. На белых рамонках – галава з белай плямкай на лбе. Пяшчотная, грацыёзная, прыціснулася яна да цёплай зямлі, на якую павольна сцякаў тонкі чырвоны струменьчык.
   Пад разгалістым дубам стаяў князь і з пагардлівай усмешкай зноў узводзіў стрэльбу. Блакітныя вочы аленяняці спакойна глядзелі ў пустэчу дула.
   Няспешна ляснік узняў стрэльбу, у прарэзе прыцэлу з’явілася постаць князя, палец сам націснуў на спускавы курок.
   Ляснік пяшчотна пагладзіў аленяня па галоўцы, прытуліў да сябе, і яны накіраваліся ў глыб лесу. Адзін ішоў няўмела, хістаючыся на тонкіх ножках, другі – цяжка ступаючы, згінаючыся пад цяжарам пражытых гадоў.
   З таго часу ніхто не бачыў лесніка. А на тым месцы, дзе ўпала лань, з’явіўся ручай, які паступова ператварыўся ў раку. Людзі назвалі яе Лань.
   Кажуць, калі прыгрэе вясновае сонейка, выходзіць з лесу прыгожы алень. Горда трымае ён каранаваную галаву і журботна глядзіць на раку. Блакітная вада і блакітнае неба адбіваюцца ў яго блакітных вачах.
(588 слоў)

Паводле С. Тарасава.

Похожие статьи:

ІншаеСяргей Тарасаў - Фрэскі - ГДЗ

ІншаеСяргей Тарасаў - Фрэскі

Пераказы, дыктантыТры колы на гліне

Пераказы, дыктантыПа якіх законах жылі нашы продкі

Пераказы, дыктантыРака Няміга