Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кітабы

Варыянт 1 (240 слоў)

   Каму з нас не даводзілася захапляцца мастацкім аздабленнем кнігі. Але заўсёды нейкім арэолам таямнічасці былі ахінуты кнігі, напісаныя мала каму вядомымі іерогліфамі, арабскай вяззю. Яны здаваліся недаступнымі і загадкавымі. І нельга было ўявіць, што за мудрагелістым арабскім пісьмом можа хавацца звыклы беларускі тэкст, што ў гэтых хітраспляценнях чужой графікі зашыфраваны беларускія словы.
   Існуюць такія рукапісныя рэлігійныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Называюцца яны кітабы. Аўтарамі іх з’яўляюцца беларускія татары. Яны звязалі свой лёс з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім шаснаццатым стагоддзі і вось на працягу шасцісот гадоў шчыруюць у агульнай супольнасці. За гэты час змяніліся іх быт, творчасць, мова, аднак сваю адметнасць у жыцці беларускіх татараў яны не страцілі.
   З’яўленне татараў на беларускіх землях звязваецца з часам княжання ў Вялікім Княстве Літоўскім Гедыміна. У час бітвы з Тэўтонскім ордэнам у тысяча трыста дзевятнаццатым годзе татары складалі яго перадавое войска. Пасля Вітаўт заснаваў татарскія пасяленні на беларускіх землях, ухваляў і падтрымліваў іх перасяленне ў Вялікае Княства Літоўскае.
   Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся адлучанымі ад сваіх традыцый, паступова страцілі сваю мову. Таму, каб захаваць духоўную скарбніцу, арабскія кнігі сталі перакладаць на беларускую мову, але пісаліся кнігі арабскім пісьмом. Цікава і тое, што тэкст у кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ўнізе старонкі і ў самым канцы нашых звыклых кніг. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў прыпынку, вялікай літары – суцэльная арабская вязь. Навыкі пісьма перадаваліся ад бацькі да сына. Вось так у беларускай культуры перапляліся татарскія матывы.
 


 

Варыянт 2 (404 словы)

   Калі верыць народным паданням і легендам, Беларусь ці не самая багатая ў Еўропе краіна на схаваныя ў яе нетрах скарбы. Аднак мала каму з шукальнікаў удалося адкрыць гэтыя зачараваныя сховы. Відаць, не мелі яны чароўнай папараць-кветкі ў руках, якая паказвае шлях да падземных багаццяў.
   А вось іншыя скарбы пры водбліску той нябачнай кветкі нашым суродзічам адкрываліся ахвотна. Назва ім – духоўнае багацце нашых продкаў, што ў сукупнасці складае багатую беларускую культуру.
   Каму з нас не даводзілася трымаць у руках кнігі, захапляцца іх мастацкім аздабленнем. Заўсёды арэолам таямнічасці былі ахінуты кнігі, напісаныя арабскай вяззю. Яны здаваліся недаступнымі і загадкавымі. Цяжка было ўявіць, што за мудрагелістым арабскім пісьмом можа хавацца звыклы беларускі тэкст, што ў гэтых хітраспляценнях чужой графікі зашыфраваны беларускія словы.
   Рукапісныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом, называюцца кітабы. Іх аўтары – беларускія татары. Яны звязалі свой лёс з нашай зямлёй яшчэ ў XІV стагоддзі і ўжо 600 гадоў годна і дбайна шчыруюць у агульнай людской супольнасці.
   З’яўленне татар на беларускіх землях звязваецца з часам княжання ў Вялікім Княстве Літоўскім Гедыміна. У 1319 годзе ў час бітвы з Тэўтонскім ордэнам татары складалі перадавое войска князя. Але асабліва спрыяльны для татар час наступіў пры Вітаўце Вялікім, які падтрымліваў перасяленне татар у Вялікае Княства Літоўскае.
   Беларускія татары былі не толькі воінамі. Яны аралі зямлю, станавіліся рамеснікамі, гандлявалі, займаліся тымі справамі, што і мясцовае насельніцтва. Таму ад самага пачатку ўзнікла між беларусамі і татарамі прыязнасць і ўзаемаразуменне. Здаўна ў добрай згодзе жывуць татары з прадстаўнікамі іншых народаў у Іўі, Міры, Навагрудку, Слоніме, Ляхавічах, Мядзелі.
   Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары паступова страцілі сваю мову. Але ў іх захоўваліся кнігі, выдадзеныя па-арабску. Каб далучыць да гэтай духоўнай скарбніцы моладзь, арабскія кнігі сталі перакладаць на беларускую мову. Але не беларускімі літарамі, а арабскім пісьмом і, як правіла, рукапісным спосабам. Часам беларускі пераклад рабіўся проста на старонках друкаваных арабскіх кніг.
   У кітабах захаваны тлумачэнні малітваў, пастоў, апавяданні з жыцця Магамета і яго прарокаў, апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў. Як і ў іншых арабскіх кнігах, тэкст у кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў прыпынку, вялікай літары, прабелаў між асобнымі творамі. Гэта суцэльная арабская вязь.
   Найбольш багатым на кітабы было XVІ стагоддзе. З XVІІІ стагоддзя кітабы сталі пісаць лацінкай. Гэта былі легенды, казкі, паэмы, замовы, рэцэпты лекаў. Кнігі захоўвалі маральна-этычныя павучанні для моладзі, вучылі шанаваць бацькоў, гасцей, бедных.
   Тое, што мусульманскія пісьменнікі і перапісчыкі карысталіся беларускай мовай, сведчыць пра яе вялікія магчымасці.

Паводле А. Бутэвіча

 

Похожие статьи:

ПераказыЗагадкавыя кітабы

ПераказыКітабы

ПераказыМініяцюрная кніга

ПераказыЯкі свет абраць