Напэўна, адна з самых балючых страт для чалавека – страта малой радзімы, кроўнай сувязі з ёю, страта сваіх каранёў, той жывільнай энергіі і чысціні, якімі поўняць нас родная зямля і самыя блізкія людзі. Таму хочацца яшчэ і яшчэ раз азорыцца святлом маленства, пакланіцца чароўнай вёсачцы, мілым, дзівосным краявідам і наталіць душу іх хараством.
Залаты куток майго дзяцінства, блакітныя арэлі маіх мар, надзей і памкненняў – невялічкая вёска Заброддзе, што на Быхаўшчыне. Тыя мясціны, дзе ўсё напаўняла душу разнастайнымі фарбамі і адценнямі, гукамі і павевамі, ахінала мудрасцю і красой, трывогамі і перажываннямі. Тыя сцяжынкі і дарожкі, якія тысячы разоў вымерваў басанож, па якіх пайшоў затым у няпростае, але вельмі цікавае самастойнае жыццё. Тыя звычайныя, цягавітыя, цярплівыя і добрыя людзі-аднавяскоўцы, і найперш – мае бацькі, ад якіх я ўзяў з сабой у дарогу шчырасць, апантанасць, сілу волі, прагу ведаў, трываласць духу, веру ў дабро і справядлівасць, настойлівасць у працы, павагу да руплівых людзей, любоў да Бацькаўшчыны…
Маё дарагое Заброддзе налічвала тады 33 двары, хаты і пабудовы патаналі ў густой зеляніне садоў і алей. Збоку ад бойкай дарогі на Быхаў вёска нагадвала дзівосны аазіс на ўзгорку, заварожваючы кожнага, хто трапляў у яе, сапраўдным зялёным раем. Вясной у палісадах тут разлівалася чаромха, струменіўся шматколернымі фантанамі бэз, а сады, здавалася, аж да самага неба дыхалі густым духмяністым водарам, здзіўлялі наваколле ўрачыстай белізной. Улетку пад вокнамі стракатліва і ўзнёсла палымнелі кветкі: вяргіні, півоні, рамонкі, наготкі… Звінела, нібы цурчэла, саладжавае паветра, гулі пчолы, нацягваючы тысячы зумкіх струн ад вулляў да мядовых ліп і назад. А вакол вёскі каласілася жыта, сінеў і гайдаўся, нібы марскія хвалі, лён, лапушылася бульба, цвіла грэчка… А далей – клікалі сваімі непаўторнымі кілімамі шаўкавістыя лугі і вабіла гаючай вадой рэчка Грэза… І ў гэтым багатым разліве акварэляў і музыкі свет часта ўяўляўся мне бясконцай, дзівоснай казкай, хваляваў, радаваў, абуджаў уражлівую дзіцячую душу, назаўсёды высяваючы ў ёй спагаду і замілаванасць.
(302 словы)
Паводле М. Пазнякова
Похожие статьи:
Пераказы → Заброддзе