Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Крывяліцкі Бор

   Кожнай не выдранай яшчэ з каранямі і не ссечанай лясінай, кожнай пакуль жывою галінкай і зялёным лісточкам, кожнай былінкай і зёлкай замаркочаны Крывяліцкі Бор прадчуваў свой блізка-блізенькі скон. Зараз ён нервова пільнаваўся знявечанай шырокімі плугамі свае беражніцы, штораз углядаючыся ў яе праз змрочныя пусткі высечак, якія цягнуліся патрэсканымі, крывымі прагаламі слядоў-разораў па стаптаным, асветленым сонцам падзоле да парэзанага канавамі лугу. Тыя прарэхі нават за адну вясну на дзіва дружна пабраліся ўчэпіста-калючым жавіннікам, пазарасталі выжылістай, разлапістай крапівою, якая па-гаспадарску расселася тут і паспела ўжо ссільнічаць белавата-ружовыя атожылкі маладога малінніку, абкруціла дрыготкія хлудзікі падлеску-самасейкі і нахабна пацягнулася за ім уверх, да самага сонца.
   Каўтануўшы напоўніцу святла і раптоўна спазнаўшы асалоду зваблівай прывольнасці, адчуўшы выгоды неабмежаванай прасторы, імгненна і зусім бяздумна, быццам ап’янеўшы ад нечаканай свабоды, шугануў уверх і ўвесь карлікавы падрост, пажадліва забіраючы, упарта адваёўваючы ў той жа крапіве новую для сябе тэрыторыю.
   Знясілены чаканнем наканаванага ліха, Крывяліцкі Бор тужліва аглядаў беражніцу. І на тое скрушлівае віжаванне была ў яго важная прычына, ад якой самотна ўсхліпваў-скавытаў у вершаліне некранутых амаль дрэў паслабелы вей-вецярок: жалезныя пачвары ўжо і зляжалы вякамі дзірван лабатага ўзмошча неахайна ўспорвалі сваімі адпаліраванымі да сіняга бляску ікластымі лычамі. Дабіраліся-такі і да яго, самога старасвецкага лесу.
   Крывяліцкі Бор задыхаўся ў густых хмарах пылу, шчодра здобранага атрутным смуродам, з дня на дзень чакаў спланаванай чалавечымі галовамі навалы, і, здавалася, у запале безвыходнасці ды злосці сам прыспешваў сваю бяду, адчайна клікаў яе, выставіўшы напаказ звабліва прыцягальную прыгажосць цудам ацалелых ад пілы і сякеры задумлівых, даспелых лясін.
   Толькі гнуткія, таўшчынёй у дзявочую руку белакорыя бярозкі, якім было яшчэ вельмі далёка да ўсвядомленага спазнання радасці сваёй выспеленай, сталай прыгажосці, неспакойна круцілі вершалінамі, у самоце і трывозе прыпадалі плакуча доўгім веццем ледзь не да самай зямлі, як усё роўна прасілі ў яе парады, шукалі заступніцтва і абароны, нібыта стараліся намацаць пад сабой хоць нейкі, ды паратунак.
(304 словы)

Паводле М. Карпечанкі

 

Похожие статьи:

Артур ВольскіАртур Вольскі - Зялёны Бор

Пераказы, дыктантыЛетам у бары

Пераказы, дыктантыНадвячорак у бары