Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Кошык малін
Навальніца дагнала мяне, калі я не ад’ехаў і кіламетра ад лесу. Я націскаў як толькі мог на педалі, чуючы, што вуркоча гром, але ўсё роўна ўцячы ад дажджу не ўдалося: дарога скрозь вузкая, караністая, і шмат дзе трэба было каціць веласіпед.
Бліснула маланка, і секануў лівень. Спыніўшыся, я пачаў хуценька адвязваць ад багажніка плашч, які, выязджаючы з дому, захапіў на ўсякі выпадак.
Раптам бачу: расплёскваючы лужыны, бяжыць, прыкрыўшы галаву рукамі, напярэймы мне хлапчук. Яшчэ здалёку крычыць:
– Дзядзька, дайце плашча! Маліны мокнуць. Цэлы кошык малін!
Я глянуў, куды паказваў рукою хлопчык. Праз сівую сетку дажджу я ўгледзеў у полі жанчыну. Нядоўга думаючы, я сігануў цераз поле проста да яе. Яшчэ на бягу падаў плашч, і тая прыкрыла ім паўнюткі кошык спелых і буйных, апырсканых дажджом малін і, выпрастаўшыся, сказала ціха:
– Я ўжо думала, што прападуць маліны. Мы ж цэлы дзень гнуліся, каб варэнне зварыць.
Дождж ліў як з вядра, а жанчына і хлапчук стаялі і моклі, не прыкрытыя нічым, і радаваліся, што не прападуць маліны.
(166 слоў)
Паводле Б. Сачанкі
У лесе мяне дагнала навальніца. Бліснула маланка. Секануў лівень. Я спыніўся і пачаў хуценька адвязваць ад багажніка плашч.
Палявая дарога раскісла, усюды пабеглі ручайкі, а ў калдобінах заблішчалі каламутныя лужыны.
Плашч мала ратаваў ад дажджу. І я пакаціў памаленьку веласіпед да вёскі. Раптам бачу, што, расплёскваючы лужыны, у падкасаных штоніках бяжыць, прыкрыўшы галаву рукамі, напярэймы мне хлапчук. Яшчэ здалёку крычыць:
– Дзядзька, дайце плашча! Маліны мокнуць. Цэлы кошык малін!
Праз сівую сетку дажджу я ўгледзеў ў полі жанчыну. Кінуў веласіпед, а сам сігануў цераз поле проста да жанчыны. Яшчэ на бягу падаў плашч, і тая прыкрыла ім паўнюткі кошык спелых і буйных, апырсканых дажджом малін. Выпрасталася, сказала неяк ціха, гледзячы ў вочы:
– Я ўжо думала, што прападуць маліны. Мы ж цэлы дзень гнуліся, каб варэнне зварыць. Сын у мяне ў горадзе, на заводзе.
Дождж ліў як з вядра. Жанчына і хлапчук стаялі і моклі, не прыкрытыя нічым. І радаваліся, што не прападуць маліны. За кампанію мок і я. Стаяў і думаў пра маці, родную, бясконца дарагую маці, якая гатова аддаць усё, абы толькі прынесці хоць трошачкі радасці дзецям.
(179 слоў)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Ля даўняга селішча
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Зерне і млын
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Карчоўнік