Гаспадарамі амаль любога лугу з’яўляюцца прамакрылыя насякомыя: конікі, кабылкі, цвыркуны і іншыя казяўкі.
У Беларусі сустракаюцца зялёны і пявучы конікі. Гэтыя насякомыя могуць дасягаць шасці сантыметраў. Але само цела ў іх звычайна каля трох сантыметраў, вусікі даўжэйшыя за палову цела.
Для перамяшчэння конікі выкарыстоўваюць як свае вялікія крылы, так і доўгія заднія ногі. Пры гэтым скачуць яны даволі далёка і хутка. Калі ты схопіш коніка за нагу, то ў тваіх пальцах можа застацца толькі гэта ножка. А сам конік схаваецца ў траве. Адкідванне нагі дапамагае яму выратавацца. Аднак далей коніку будзе жыць ужо цяжэй. Таму не трэба лавіць гэтых насякомых.
Спажываюць конікі не толькі раслінную, але і жывёльную ежу. Зялёны конік есць нават лічынак каларадскага жука, які з’яўляецца шкоднікам бульбы.
Лічынкі конікаў вельмі падобныя да сваіх бацькоў. Толькі яны меншыя па памерах і не маюць добра развітых крылаў.
(139 слоў)
(Паводле Л. Чумакова)