10 траўня 1892 года ў Мінску панавала ажыўленне. Усе спяшаліся на адкрыццё конна-чыгуначнай дарогі. Ад ахвотнікаў стаць першымі яе пасажырамі не было адбою. За першыя дні конка перавезла прыкладна пятую частку гарадскога насельніцтва.
Рух экіпажаў конкі ў размешчаным на ўзгорках Мінску дзе-нідзе ўскладняўся. Напрыклад, каб падняцца на Саборную плошчу, на Гандлёвай вуліцы ўпрагаліся дадатковыя коні. Калі і гэта не дапамагала, то пасажыры на хаду саскоквалі на брук і, самастойна адолеўшы пад’ём, зноў займалі свае месцы. Вагоны часам з’язджалі з рэек, асабліва пры паводках і пасля ліўняў, калі палатно пакрывала вада.
Конка рухалася з шумам. Фурман няспынна біў у звон, воклічамі засцерагаў прахожых, спуджаных вяскоўцаў, якія конкі ніколі не бачылі.
(Паводле З. Шыбекі)