Колішняя сядзіба была надзвычай гожым куточкам. З усходу ад яе расла купка з шасці клёнаў, якая нагадвала зялёную альтанку з жывых дрэў. Тры з іх нахіляліся над сцяжынкаю і раслі адно пры адным, як бы з аднаго кораня. З захаду раслі дзве бярозы, з поўначы – вяз. З паўднёвага захаду сядзібу аздабляла прысада з елак, якая пераходзіла ў каштанавую алею. Пры самай сядзібе раслі меданосныя акацыі, слівы, вішні, кусты парэчак і агрэсту.
Але найбольшую цікавасць сярод тутэйшых дрэў уяўлялі дубы. Ніхто з людзей не помніў, хто і калі іх садзіў. Гэтыя дубы шумелі паціху лісцем, прагна смакталі зямныя сокі, ганялі іх па ствалах і галінах, цягнуліся сваімі шатамі да сонца, прымалі на сябе ў навальнічныя дні ўдары маланак, адводзячы іх ад людскога жытла і гаспадарчых пабудоў.
Была пры сядзібе і сажалка. З трох бакоў абступалі яе шматлікія кусты, нахіляліся над ёю вербалоз і старая вярба, і буяла вакол разнатраўе.
(148 слоў)
Паводле У. Содаля
Похожие статьи:
Пераказы → Хутарская сядзіба
Пераказы → Шляхецкае гняздо