Дом Якуба Коласа стаяў некалі ў Вайсковым завулку ў Мінску. Тут быў спакойны, зацішны куток, які нагадваў вясковыя мясціны. Ля дома быў невялікі двор, на якім раслі яблыні, грушы і іншыя дрэвы. Тут, на двары, можна было часта застаць Канстанціна Міхайлавіча. Найлепшым адпачынкам ад доўгіх гадзін, праведзеных за пісьмовым сталом, ён прызнаваў фізічную працу на свежым паветры. Колас падмятаў двор, зграбаў снег зімой, даглядаў дрэвы, пілаваў і сек дровы або майстраваў што-небудзь для хатняй гаспадаркі.
Аднойчы адзін карэспандэнт запытаў у Канстанціна Міхайлавіча тут жа, на двары, аб тым, над чым зараз працуе паэт. І разгубіўся, пачуўшы жартоўны адказ:
– А хіба, браток, не бачыш? Дровы сяку!
Пакуль карэспандэнт збіраўся з думкамі і разважаў, як яму падступіцца да патрэбнай тэмы, Канстанцін Міхайлавіч з самым сур’ёзным выглядам прачытаў яму цэлую лекцыю аб тым, як трэба секчы дровы. А потым рассмяяўся і зусім іншым тонам запрасіў госця пагутарыць у хату.
(148 слоў)
(Паводле М. Лынькова)
Похожие статьи:
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства