У баку ад вёскі, ад людзей, сярод соннай прасторы снягоў чырванее невысокі гранёны слупок. На ім безліч разоў налепліваецца шапка снегу, і столькі ж разоў вецер здзімае яе.
Снягі і снягі, халодная, усеўладная і бясконцая бель. I вакол цішыня. Прабяжыць воддаль ранкам ці вечарам па саннай дарозе чародка школьнікаў, празвініць галасамі – і зноў спакой да наступнага рання.
Вясной, калі прачынаецца прырода і ўсё ў ёй пачынае біцца вялікай прагай жыцця, ля чырвонага слупка-пірамідкі абсыхае каска. Абсыхае доўга, таму што яна ледзь віднеецца сярод завялых вянкоў і лугавых кветак.
З гэтай пары дарога ў школьнікаў пралягае праз луг. Яны ўжо не бягуць, як зімой, па холадзе, а ідуць не спяшаючыся і ля бярозы змаўкаюць. Пакідаўшы свае партфельчыкі, яны збіраюць першыя краскі вясны – залацістую лотаць, вяжуць у пучочкі ружовыя смолкі, і ўсе фарбы лугу, усё яго суквецце перабывае за вясну ля каскі.
Тут, дзе бяроза, заўсёды цішыня глыбокага смутку па навекі супакоеным маладым сэрцы.
(155 слоў)
Паводле М. Ракітнага.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сцяжынкі