Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каштан

Варыянт 1 (296 слоў)

   Лепшае імя яму нельга было прыдумаць. Ад высока ўскінутай галавы да круглых чорных капытоў ён быў нібы абліты цёмна-карычневай фарбай. Толькі на гладкім роўным ілбе акуратным ромбікам свяцілася белая метка, а на пярэдняй левай назе была белая палоска, быццам нехта далікатна абвязаў нагу хусцінкай. Сапраўдны Каштан. Так яго і назваў дзядзька Міша.
   Аднойчы Толік спяшаўся на аўтобус. Выйшаў на пясчаную дарогу і раптам пачуў наперадзе хрыпенне. У канаве ля дарогі Толік убачыў задраныя ўгору конскія ногі, якія малацілі паветра. Гэта быў Каштан. Конь ляжаў на спіне, а яго шыю пераціскаў жалезны ланцуг, які губляўся недзе ў траве. Каштан раскачваўся, каб перавярнуцца і стаць на ногі, але зрабіць гэтага не мог. Чым болей ён раскачваўся, тым болей заціскалася пятля на яго шыі.
   Толік зразумеў, што адбылося. У нізіне заўсёды была сакаўная трава, і дзядзька Міша любіў навязваць тут Каштана. Прывядзе, уваб’е ў зямлю металічны штыр, якім заканчваўся ланцуг, і пойдзе. А Каштан гуляе сабе, колькі дазваляе ланцуг. Сёння дзядзька забіў штыр блізка ад дарогі. Каштан скуб траву, выйшаў на дарогу і захацеў пакачацца на пясочку, пачысціць скуру. Але каню не пашанцавала: ён лёг каля краю дарогі і скаціўся з адхону. І вось б’е нагамі паветра, хрыпіць, задыхаецца.
   Толік паспрабаваў выцягнуць доўгі штыр з зямлі, але не змог. Тады знайшоў вялікі камень і толькі ім расхістаў, а потым дастаў штыр. Ланцуг аслаб, і Каштан рыўком перавярнуўся на жывот, устаў на заднія, потым на пярэднія ногі. Узняўся на дарожку, скалануўся ўсёй скурай. Відаць, ён усё яшчэ не верыў, што выбавіўся з пасткі, у якую сам сябе загнаў.
   З таго часу Каштан кожны раз, як убачыць Толіка, спяшаецца насустрач. А то прыйдзе да двара, пакладзе галаву на вароты і чакае. Толік частуе Каштана хлебам. Конь мокрымі губамі бярэ з яго рук лусту за лустай і ківае галавой. Напэўна, дзякуе.
 


 

Варыянт 2 (158 слоў)

   Аднойчы Толік спяшаўся на аўтобус. Выйшаў на пясчаную дарогу і пачуў хрыпенне. У канаве хлопец убачыў задраныя ўгору конскія ногі, якія малацілі паветра. Гэта быў Каштан. Конь ляжаў на спіне, яго шыю пераціскаў жалезны ланцуг. Каштан раскачваўся, каб перавярнуцца і стаць на ногі, але зрабіць гэтага не мог.
   Толік зразумеў, што адбылося. У нізіне расла сакаўная трава, і тут навязалі Каштана. Убілі ў зямлю металічны штыр, якім заканчваўся ланцуг, і Каштан гуляў сабе, колькі дазваляў ланцуг. Сёння штыр забілі блізка ад дарогі. Каштан захацеў пакачацца на пясочку, лёг каля краю дарогі і скаціўся з адхону.
   Толік паспрабаваў выцягнуць штыр з зямлі, але не змог. Знайшоў вялікі камень і ім расхістаў, а потым дастаў штыр. Ланцуг аслаб, Каштан перавярнуўся на жывот, устаў на ногі.
   З таго часу Каштан кожны раз, як убачыць Толіка, спяшаецца насустрач. А то прыйдзе да двара, пакладзе галаву на вароты, чакае. Хлопец частуе Каштана хлебам. Конь мокрымі губамі бярэ лусту, ківае галавой. Напэўна, дзякуе.

Паводле А. Кудраўца

 

Похожие статьи:

Максім ТанкМаксім Танк - Конь і Леў

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Ганарысты конь

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Конь

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Саманадзейны конь

Янка МаўрЯнка Маўр - Бярозавы конь