Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Каштанчык

   Увосень на пустцы побач са школай дзеці пасадзілі каштаны. Саджанцы былі маладыя і тонкія, таму ўсю зіму дзеці перажывалі, каб не змерзлі яны, каб перажылі халодную зіму і прыняліся. І вясной на ўсіх шасці дрэўцах з’явіліся вялікія радасна-зялёныя лісточкі. Усе каштаны прыняліся! Былая пустка стала вельмі ўтульным і вясёлым месцам.
   Але праз некалькі дзён адбылося зусім невясёлае здарэнне. Нехта бяздушны, або бяздумны, або злы адламаў у самага крайняга дрэўца галінку. Астатнія каштаны абурана шапацелі сваімі ўзорыстымі лісточкамі і гучна спачувалі параненаму дрэўцу. А паранены каштан зусім не хацеў выглядаць бездапаможным і жаласным. Ён хацеў быць прыгожым, моцным і шчаслівым. Нават без адной галіны.
   І вось адной светлай майскай раніцай пяць каштанаў заўважылі на шостым, з адламанай галінкай, дрэўцы асляпляльна-прыгожую бела-ружовую кветку. Велічна і пяшчотна пазірала яна на іх амаль з самай вершаліны дрэўца. І хоць ні ў аднаго з пяці каштанаў такога дзівоснага ўпрыгожання яшчэ не было, кожны з іх шчыра радаваўся за сябра. Усе, хто праходзіў побач, захапляліся цудоўнай кветкай і мужным дрэўцам. Каштану з адламанай галінкай гэта было надзвычай прыемна.
   Але паступова бела-ружовыя танюткія пялёсткі, якія рабілі кветку такой асляпляльна-прыгожай, пачалі асыпацца, а потым і ўвогуле на іх месцы з’явіліся тры маленькія зялёныя шарыкі, усе ў калючых іголках. Каштан спачатку засмуціўся. Аднак шарыкі былі такімі забаўнымі і смешнымі, што ён палюбіў іх.
   Зноў надышла восень. Вецер усё часцей завітваў да дрэўцаў і аднойчы так расхістаў калючыя шарыкі, што яны адзін за адным адарваліся ад галінкі і гулка ўпалі на зямлю. А самы вялікі з іх нават раскалоўся на дзве палавінкі. З іх выкаціўся вільготны карычневы каштанчык і адразу злавіў прамень ласкавага восеньскага сонейка.
   – Які бліскучы, які цудоўны! – усклікнула дрэўца з адламанай галінкай.
   І палюбіла яго гэтак жа моцна, як бела-ружовую кветку і зялёныя шарыкі. Каштанчык бестурботна ляжаў у сакавітай траве і грэўся на ласкавым сонейку.
   У гэты час па дарожцы ішоў хлопчык. Менавіта ішоў, а не бег, як усе іншыя хлопчыкі, таму і паспеў заўважыць у траве бліскучы каштанчык. Падняў яго, задуменна разгледзеў і паклаў у кішэню.
   – Адчуваю, мой каштанчык трапіў у добрыя рукі, – супакоена зашапацела дрэўца.

(340 слоў)

 

 

Похожие статьи:

ПераказыТаполя

ПераказыЯблынька-дзічка

ПераказыКаштан

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Я дрэву сказаў...