Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Качкі
Рэдкая для майго настрою і самаадчування раніца. Спусціўся ўніз, да рэчкі. Над ракою, на каменным парапеце, сядзелі чатыры качкі. Сядзелі і грэліся на раннім сонейку.
Паўз іх, хто трушком, хто подбежкам, сюды-туды снавалі аматары ранішняй зарадкі.
А мае качкі сядзелі. I здавалася, ніхто і нішто іх не зрушыць з месца. Сапраўды, абраны імі закутак быў утульны і прыдатны, каб добра ўгрэцца і набрацца сілы на ўвесь доўгі летні дзень. Праўда, летам яны жыруюць не ў горадзе, не ў гэтай каламуці, а шукаюць, дзе яшчэ пазаставаліся балоты, прырэчныя зараснікі, каб там, далей ад старонняга вока, зладзіць гняздоўе і на змену сабе вывесці патомства. Вяртаюцца да людзей з падрослымі дзецьмі, вучачы іх, як жыць і карміцца сярод нас. Рэдка вы заўважыце іх гэтаю парой, увесну, тым болей улетку, тут, на нашай Свіслачы.
Таму гэтак і быў я здзіўлены, убачыўшы іх, чатырох, ранічкай на прырэчным парапеце. Грэліся яны, як і мы, гараджане, цешачыся асалодай ранішняга цяпла, але ні адна з іх так і не адважылася даць нырца ў сваю родную стыхію.
Назаўтра мае назіранні папоўніліся новымі, зусім нечаканымі. Сёння ранічкай раптам паявілася качка з дзесяццю маленькімі качаняткамі!
Яна плыла, трымаючыся бліжэй да каменнага берага. Калі што трапляла ёй у дзюбу, адразу ж клікала чародку, што ланцужком плыла ўслед. Спажыва перападала, вядома, таму, хто паспяваў апынуцца бліжэй. Тады стройны жоўты шнурочак разбягаўся, і ўсе ўжо ўроскідку кружылі вакол мамы.
Бедная мая мнагадзетніца! У нас, у людзей, ты была б маці-гераіня. Як ты ўправішся давесці іх да ладу?
Бацькі малых, качары, амаль гэтак, як і ў нас, у людзей, не вельмі ўлягаюць у клопат па доглядзе сваіх нашчадкаў. Сёння я якраз упэўніўся, што тыя, якія ўчора ўсю раніцу сядзелі на парапеце і выграваліся на сонцы, – усе чацвёра, як адзін, не качкі, а качары.
Яны і сёння сядзелі на тым жа аблюбаваным месцы, разамлелыя ад асалоды, быццам з учарашняй раніцы.
Тут я якраз і ўбачыў тую галоўную адзнаку, што адрознівае качара ад качкі. У кожнага з іх на канцы крылаў на зыркім святле і асабліва ў вадзе раптам успыхваюць, пачынаюць іграць, пералівацца ў колерах сіне-блакітныя люстэрачкі ў белай акантоўцы такой прывабнай харашыні, што не адвесці вачэй, не перадаць словамі!
Дык вось вы якія, мае харашуны – абібокі і гультаі. Адцураўшыся цэлых чарод сваіх дзяцей, нават не бачаць, як яны растуць і гадуюцца...
Так рэзка памяняліся мае пачуцці – учарашнія, поўныя спагады і спачування, і сённяшнія, поўныя абурэння і гневу да мужчынскага птушынага роду.
А качка-мнагадзетніца са сваёй сям’ёй плыла і мусіла шукаць хоць крыху якой спажывы. Трэба ж! Не падымешся, не ўзляціш з малымі, бездапаможнымі. З пер’я вылузвайся, а гадуй! I яна гадуе.
(444 словы)
Паводле В. Віткі.
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Ружа і штык
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Слова