Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кастрычнік

   Кастрычнік. Што ні кажы, а гэта ўжо глыбокая восень. Напачатку малады кастрычнік вельмі багаты на маляўнічыя фарбы. Ён увесь гарыць каляровай лістотай. Тут і золата, і яркая чырвань, і лімонна-жоўтыя колеры, шмат барвовых фарбаў. Есць нават фіялетава-чорныя, і амаль не відаць звыклых зялёных. Гарыць і ззяе ў сонечны дзень кожная маленькая былінка. Усюды лістота спаборнічае хараством з пладамі і ягадамі. Здалёк, нібы маленькія сонцы, вабяць зрок яблыкі, чырвоныя, сонечна-жоўтыя, загарэла-шызыя. Усе розныя. Адны салодка-кіславатыя, другія салодкія. I ўсе – даспелыя.
   Кіслыя і цвёрдыя толькі антонаўкі. Яшчэ не прыйшла іх пара. Але, добра дагледжаныя, перакладзеныя жытняй саломай, яны даспеюць, зробяцца мяккімі і набудуць адмысловы смак і пах. Гэты беларускі цудоўны яблык вядомы на ўвесь свет.
   Там, дзе ёсць плады і ягады, цікава вось што. Лісце не кідаецца ў вочы, яно сціпла-бураватае, нібы дрэвы хочуць пахваліцца хараством пладоў. Дзе няма прывабных пладоў, там лісце мае такі яркі колер, што не адвесці позірку. Хоць бы тая ж асіна. Кожны трапяткі яе лісток чырванейшы за любы яблык. Той самы асінавы востраў зараз палымнее чырванню. Трапіцца дзе рабінка, на ёй вісяць цяжкія чырвоныя гронкі ягад, а рудавата-жоўтае лісце – толькі фон для тых чырвоных гронак. Галоўны гонар дрэва – спелыя ягады, ад якіх аж сагнуліся тонкія галінкі.
   Залатое лісце клёнаў ды бяроз мякка свеціць нават у пахмурны асенні дзень. У гаі ўсё насычана празрыстым святлом, што падаравала лістоце сонца. Навокал шэра, хмура, вільготна, а ў гаі нават нібы цяплее, адлятае некуды восеньскі сум, і хораша робіцца на сэрцы. Шмат лісця асыпалася на вільготную зямлю і гарыць вясёлкавымі колерамі на ёй.
   Цяжка збіраць грыбы такой парой. Ярка квітнее чырвоным берэцікам падасінавік. Нахілішся – а гэта толькі лісток асіны. Праз хвіліну – наадварот: здалося, чырвоны лісток, аж там – падасінавік! Бывае, грыбнік нават праміне прыгажуна. I такое на кожным кроку. То баравічок прыклеіць сабе на шапку бярозавы лісток, то рыжык у ельніку выдасць сябе за ружовы апалы ліст. Вакол – падманы восені, вясёлыя жарты прыроды.
   Недзе на сутыкненні верасня і кастрычніка ёсць цудоўная пара – бабіна лета. Зноў летняя цеплыня. Нібы лета вярнулася. Нават ночы робяцца цёплымі. Ад рання да захаду пяшчотна грэе сонца. На разасланым лёне блішчаць тонкія павуцінкі. Яны прыкрываюць іржэўнік, збялелы сіўцовы поплаў. На ўсім абшары, на ўсіх прадметах – павуцінне. Нейкі цуд. Адкуль ён толькі ўзяўся! Ранкам павуціна ў кропельках расы. Устане з-за лесу сонца – знікне раса. Падзьме ветрык – і на яго лёгкіх хвалях паплывуць на павуцінцы тысячы маленькіх павучкоў. Куды? Ды ў свой вырай.
   У бабінага лета ёсць рысы вясны. Нешта веснавое нават адчуваюць птушкі. Зноў вярнуліся да сваіх домікаў шпакі і ўсю раніцу меладычна спяваюць ля шпакоўняў. Як вясной, балбоча пры балоце цецярук. Раніцай і пад вечар кружыць ён па рудаватай палеглай траве, расставіўшы крылы, распусціўшы веер хваста на белай падкладцы, і пяе сваё. Але няма ўжо, як увесну, зборышчаў, няма тых зухаватых боек. Усё мірна. Можа, гэтыя спевы развітальныя?
(461 слова)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

ПераказыВаяўнічыя бабры

ПераказыПрадвесне

ПераказыБелая студзеньская казка

ПераказыЛіпень

ПераказыЗвяркі-перасяленцы