Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кароткая сцежка

   Даўно было гэта мімалётнае знаёмства. Мінула два дзесяцігоддзі, а яно трывожна жыве ў памяці.
   Наша дывізія ішла маршам на захад. Рух дывізіі быў своеасаблівы: яна рабіла марш па дваццаць-трыццаць кіламетраў, а тады спынялася ў якім-небудзь гарадку ці вёсцы на тры-чатыры дні.
   Батальён, у якім я служыў, спыніўся ў невялікай вёсцы Іванаў Рог. Прыйшлі мы туды, калі сонца ўжо схавалася за лесам. Нашаму аддзяленню выпала самая крайняя хата, старая, нізкая. Падышоўшы да яе, мы расчаравана спыніліся. Камандзір аддзялення пайшоў у хату, каб дзеля ветлівасці запытаць у гаспадароў дазволу на начлег. Незадаволеныя, мы пачалі перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Камандзір, выйшаўшы з хаты, загадаў падрыхтавацца да вячэры. Напамінак пра вячэру падзейнічаў на нас хутка. Мы зайшлі на двор праз вузкую брамку ў нізенькай агароджы.
   Неўзабаве з хаты выйшла дзяўчына з вёдрамі ў руках. Дванаццаць пар вачэй сустрэла яе. Яна ўсміхнулася, і, напэўна, ніхто ўжо не шкадаваў, што нам выпала такая бедная хата.
   Дзяўчына паставіла вядро на траву, каб мы памыліся. Мы абступілі яе, разгаварыліся. Дзяўчына адклікалася на кожнае слова, усміхалася. Яе вялізныя шэрыя вочы, сустракаючыся з іншымі вачыма, успыхвалі бліскучымі агеньчыкамі. Яна сказала, што завуць яе Таня. Мы забылі, што стаім перад ёю стомленыя, мурзатыя, прапахлыя потам.
   Калі Таня сабралася прынесці яшчэ вады, я шмыгнуў за хату. Пераскокваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані, якая ішла па сцежцы да ракі.
   – Памагу несці ваду, – сказаў я, дагнаўшы Таню.
   Ля берага рака была травяністая, і да чыстай плыні вяла кладка з вялікіх камянёў. Таня пераскоквала з каменя на камень. Я стаяў на беразе і пазіраў, як лёгка яна зачарпнула вады і, схіліўшыся ад цяжару, ішла насустрач мне. Я працягнуў руку, каб узяць вядро, і на дужцы нашы рукі сустрэліся. Гэта працягвалася ўсяго некалькі секунд, але мне здалося, што і Таня не хацела аднімаць руку, што і яе ўсхваляваў гэты дотык.
   Я не ўмеў плаўна несці вядро, і яно гойдалася, апырскваючы мае штаны і боты. Таня насміхалася з мяне, а я з жалем думаў, чаму такая кароткая сцежка ад рэчкі да хаты. I яшчэ мне чамусьці было дзіўна, як у беднай і цеснай хаце выгадавалася такое хараство.
   А потым Таня з вялікага меднага чарпака ліла мне ваду на рукі, на шыю, і я з асалодай умываўся. Сябры кпілі з мяне, што я так спрытна пагнаўся за Таняй на рэчку, але мяне радавалі іх кпіны.
   Ноччу мы разлегліся на падлозе, засланай посцілкамі і коўдрамі. Таня дала мне падушку. «За тое, што ваду памагаў несці», – сказала яна з усмешкай. Ці трэба гаварыць, што я ўсю ноч думаў пра Таню. Прыкладаўся шчакой да падушкі, з асалодай думаючы, што на ёй, мабыць, учора спала Таня. Я марыў пра заўтрашні дзень, пра наступныя дні ў Іванавым Розе.
   Назаўтра мы ўсталі, калі Таня яшчэ спала. Пасля снедання пайшлі на заняткі ў поле. Не прабылі мы і дзвюх гадзін, як прыбег сувязны з загадам рушыць у паход. Я нават не паспеў запытацца прозвішча Тані.
   Праз тры гады, вылечыўшыся пасля чарговага ранення, я ехаў на фронт. Шлях мой ішоў праз мясціны, дзе некалі я сустрэўся з Таняй. Я сышоў з цягніка і падаўся ў Іванаў Рог. Ад вёскі пасля вайны не засталося і следу. Вакол буялі лебяда, крапіва ды рамонак. Я не ведаў, ці жывая Таня. Ведаў толькі, што ніколі не знайду яе.
   Мінула шмат гадоў. А памяць усё яшчэ беражэ далёкую мімалётную сустрэчу.
(546 слоў)

Паводле А. Марціновіча.