Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Капыльшчына

   Людзі ў нашым краі, на Капыльшчыне, сталі жыць аседла больш за дваццаць стагоддзяў назад. Да такога вываду можна прыйсці, калі меркаваць па курганах і старых гарадзішчах, якія захаваліся на рэчцы Выня. Тут ажно тры гарадзішчы: каля вёскі Мыслі, на месцы цяперашніх могілак (каля шашы на Капыль) і ў лесе, насупраць вёскі Ржаўка.
   Гэта былі сялібы-крэпасці, абнесеныя насыпам, ровам і частаколам. Пахавальныя курганы даўно разбураны. На ўсю акругу захаваліся толькі два – на полі між вёскамі Лотвіны і Печураны. Менш прыкметныя гарадзішчы захаваліся таксама ў мястэчку Бабоўня, на пагорках, там, дзе сёння канюшня, аптэка і магазін, панскія і яўрэйскія могілкі, а яшчэ каля аўтастанцыі (цяпер зруйнаваны).
   Калі меркаваць па гэтых помніках, то паселішча на месцы мястэчка было ўжо ў пачатку новай эры. Узгоркі паміж балотаў былі зручным месцам для жыцця нашых продкаў-крывічоў. Назва мястэчка пайшла ад расліны бабоўнік, ці канюшына, што расла паміж узвышшамі.
   Суседнія вёскі маюць назвы Печураны (ад стараславянскага слова печур – крапіва), Выня (раней завыенне – ад слова выня – паляна, дзе вынялі карэнне), Каласаўшчына (каласавое поле ці нават сховішча), Лавы (месца загону), Клецішча (месца, дзе ўтрымлівалі дзічыну), Осава (оса – асіна па-стараславянску), Пнівада (плаціна), Руднікі (месца, дзе здабывалі руду), Гута (месца выплаўкі руды) і інш. Некаторыя мясціны вакол мястэчка яшчэ і сёння называюць як некалі: Лядзішча (выжарына), Попелева (ад слова попел, які тут атрымлівалі дзеля ўгнаення), побач поле – Процераб (выкарчаваны лес), Отступ (заказнік, месца разводу і нагулу дзічыны), Стэпы (бязлесная прастора), Калюга (лужына). Тут толькі адна назва вёскі Лотвіны (лотва – нізіна) сугучная назве балтыйскага племя лотва.
   На поўдзень ад Капыля ёсць яшчэ дзве вёскі – Вялікія і Малыя Прусы. Сюды, мабыць, перасяліся прусы, яшчэ пры Вітаўце недзе ў ХІV стагоддзі.
   Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што да славян у нашых месцах жылі яцвягі. Славяне прыйшлі з Карпат у VІ – VІІІ стагоддзях. Беларусамі нас, кажуць, пачалі называць гадоў дзвесце назад, калі далучылі да Расіі.
(298 слоў)

Паводле В. Піліпчыка