Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Капыльскія ваколіцы

   Змалку я палюбіў капыльскія ваколіцы, поўныя нейкага чароўнага хараства. Мясціны тут узгоркавыя, краявіды вельмі маляўнічыя і каларытныя. Адразу кідалася ў вока, што мястэчка стаяла на беразе вялікага рэчышча, на самым дне якога блішчэла пакручастая Каменка. Хоць рэчышча зарасло драбналессем, на схілах зелянела збажына, а дзе было і забудавана, але профіль яго добра вырысоўваўся, асабліва, калі глянеш з высокага замчышча. Па-свойму дзівосна выглядалі адсюль, з замка, вузенькія гарыстыя капыльскія вуліцы і вулачкі, нязграбныя купецкія муры і крамы, касцёльныя вежы.
   Улетку я часта блукаў па капыльскіх палетках, ездзіў з бацькам, зімою гойсаў на лыжах.
   Неўзабаве сталася так, што яшчэ больш я зжыўся з роднымі ваколіцамі, яны сталі для мяне другім домам. Калі я вучыўся ў пятым класе (было гэта ў цяжкую вясну 1933 года), адна за адною бяда прыйшлі ў нашу сям’ю. Давялося мне са старэйшым братам ісці ў заработкі з пугаю ў руках.
   Чатыры гады я адгакаў на пастухоўскай "службе". Даводзілася нясоладка: прыходзілася прапускаць урокі, адставаць жа ад хлопцаў не хацелася. Але самае цяжкае было ў тым, што ў торбе часам толькі кніга і некалькі сырых бульбін. Добра, калі якая-небудзь спагадлівая гаспадыня дасць "выганяльнага" – кавалак хлеба і бутэльку малака (каровы свае ў нас тады ўжо не было).
   Аднак тыя пастухоўскія гады далі мне многае. Я яшчэ больш адчуў і глыбей зразумеў красу беларускай прыроды. Ад самай вясны і да позняй восені прыходзілася быць на лясным прыволлі, у полі і на лузе. На маіх вачах з’яўлялася ў Раўку першая кволая зеляніна, пасля яна буяла і набывала розныя фарбы і адценні, каб потым перайсці ў залацістыя колеры. Мне падабаліся цёплыя летнія навальніцы, калі маланка пісагавала неба, моцна ляскаў пярун, ліло як з вядра, а ты схаваўся дзе-небудзь у зацішку і назіраеш, што дзеецца навокал. Здаралася, дождж заставаў у полі – і тады на табе ніводнай сухой нітачкі.
(293 словы)

Паводле С. Александровіча