Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Капа пернікаў за тры капейкі

   Каля нашае царквы быў фэст. Наз’язджаліся людзі з усяго свету, як у нас казалі. А свет гэты ўвесь меў у радыусе дзесяць-дванаццаць вёрст. Дзяўчаты і хлопцы хадзілі праз плошчу прыбраныя ў святочныя строі. З бліжніх мястэчак папрыязджалі бойкія мяшчанкі з пернікамі і мучнымі цукеркамі. Моладзі хапала і ля гэтых вазоў, бо тут ішла латарэя, цягнулі нумаркі. Аддаўшы тры капейкі, можна было выцягнуць шчаслівы нумарок на капу пернікаў адразу, а іншым разам і нічога не выцягнуць. Я пра такую механіку яшчэ ніколі не чуў. Мама дала мне тры капейкі, каб я схадзіў і купіў тры пернікі: сабе, сястры і брату. Калі я падышоў да воза і паказаў менавіта тры капейкі, шастак, як у нас тады казалі, дарослыя хлопцы надумаліся пажартаваць з мяне, малога.
   – Што табе тры пернікі! Кідай свой шастак і цягні нумарок! Адразу ўвесь воз будзе твой.
   Я так і зрабіў: укінуў грошы, пацягнуў нумарок.
   І што б вы думалі: выцягнуў шчаслівы нумар.
   Хлопцы аж пазайздросцілі.
   – Ты падумай, колькі шастакоў пракідаў – нічога няма. А гэты малы – з аднаго разу ўвесь кон і забраў...
   Але што рабіць далей? Я ж не данясу дамоў такі выйгрыш. Тыя ж хлопцы знялі з мяне кашульку, спакавалі ў яе пернікі і памаглі дадому паднесці.
   Маці мая напужалася. Падумала, што я абрабаваў тую гандлярку.
   Павінен прызнацца, што гэта быў мой адзіны выйгрыш за ўсё жыццё. У далейшым я выйграваў толькі тое, што зарабляў сваёй уласнай працай.
(238 слоў)

(У. Дубоўка)