Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Канцлер Вялікага княства Літоўскага

   Леў Сапега паходзіў са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, карані якога былі на Смаленшчыне. Будучы вялікі канцлер Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў вёсцы Астроўна, якая цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Шасцігадовага хлопчыка бацькі завезлі ў Нясвіж, дзе ягоным апекуном і мецэнатам стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны.
   У той час Нясвіж быў адным з культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага. Высокім узроўнем адукацыі славілася адчыненая Радзівіламі школа. Якраз тады ў мясцовай друкарні Сымон Будны выдаў свае беларускія кнігі. Пры двары Мікалая Чорнага панавала талерантнасць, што назаўсёды заклала ў душу Сапегі непрыняцце рэлігійнага фанатызму.
   Схільнасць да навук, выдатныя здольнасці і вольнае валоданне некалькімі мовамі спрыялі таму, што князь Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам са сваімі сынамі вучыцца ў Лейпцыгскі універсітэт. Там Сапега вывучаў гісторыю, філасофію і права. Адтуль ён выйшаў ужо добра і ўсебакова падрыхтаваным палітыкам.
   Адукаванасцю і выдатным веданнем лацінскай мовы Леў Сапега ўразіў вялікага князя Сцяпана Батуру. З парады сваіх апекуноў Радзівілаў малады палітык застаўся пры двары, каб бараніць інтарэсы Вялікага княства Літоўскага, якое на Люблінскай уніі 1569 года мусіла пайсці на небяспечнае збліжэнне з Польшчай.
   У няпоўныя дваццаць тры гады Сапега ўжо займаў пасаду сакратара княства. Адданы патрыёт бацькаўшчыны, ён вёў паспяховую палітыку супрацьстаяння імкненню Рэчы Паспалітай да поўнай гегемоніі над Вялікім княствам Літоўскім. Умацаванню становішча Сапегі паспрыялі і ваенныя перамогі, атрыманыя на апошнім этапе Лівонскай вайны. На свой кошт ён стварыў і ўзброіў гусарскі полк, на чале якога здабываў вайсковую славу ў бітве пры Вялікіх Луках і ў аблозе Пскова.
   Пасля вайны Леў Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і падпісаў мірную дамову. Вярнуўшыся на радзіму, кіраўнік пасольства быў прызначаны падканцлерам, а потым і вялікім канцлерам – другім чалавекам у дзяржаве пасля вялікага князя. Захоўваючы гэтую пасаду на працягу трыццаці з лішкам гадоў, Леў Сапега вызначаў унутраную і замежную палітыку Вялікага княства Літоўскага.
   Вялікі князь Жыгімонт Ваза даручыў яму кіраўніцтва падрыхтоўкай Трэцяга Статута вялікага княства Літоўскага. Прыняцце ў 1588 годзе гэтага самага прагрэсіўнага на той час у Еўропе збору феадальнага права было бліскучай палітычнай перамогай Сапегі. Статут аніяк не спрыяў зліццю Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, бо захаваў артыкулы пра самастойнасць княства ў складзе канфедэрацыі і забарону палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Новы збор законаў быў выдадзены пад асабістым наглядам Льва Сапегі, з ягонымі прадмовамі і ягоным коштам.
   Захаванню самастойнасці нашай дзяржавы служыла і стварэнне пры непасрэдным удзеле Сапегі Галоўнага трыбунала Літоўскага – найвышэйшага апеляцыйнага суда, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма.
   Пры канцы жыцця Леў Сапега некалькі гадоў быў вялікім гетманам. І тут ён паказаў сябе не толькі таленавітым ваяводам, але і чалавекам, які інтарэсы Айчыны ставіць вышэй за ўсё іншае. Калі на Вялікае княства Літоўскае напалі шведы, вялікі гетман і ягоны сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.
   Вялікія заслугі Леў Сапега мае і як мецэнат, які дапамагаў мастакам і пісьменнікам. Яго рупнасцю былі ўпарадкаваны і перапісаны некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі – архіва нашай дзяржавы, які з’яўляецца неацэннай гістарычнай крыніцай. Перад смерцю ён шчодра адарыў радавыя храмы. Памёр Леў Сапега ў 1633 годзе і быў пахаваны ў Віленскім касцёле Святога Міхаіла.
(504 словы)
 
Паводле У. Арлова

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСтатут Вялікага Княства Літоўскага

Пераказы, дыктантыНашчадак старадаўняга роду

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Статут Вялікага Княства