Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Камяніцы і таямніцы
Даўным-даўно, калі не было ні дарог, ні чыгункі, вандравалі нашы продкі пеша па ледзь бачных сцяжынах. І як жа здзіўляліся вандроўнікі, калі раптам адкрываліся іх позіркам дзіўныя гарады і замкі, якія былі абнесены высокімі сценамі. А ў тыя далёкія часы ўмацаваныя замкі былі ў кожным старажытным горадзе. Напачатку іх будавалі толькі з дрэва. А потым, калі наша краіна аб’ядналася ў вялікую і моцную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае, замкі пачалі будаваць з каменю і цэглы. І стаялі яны моўчкі, ганарлівыя і загадкавыя. Простыя людзі ў замках не жылі. Гэта было жытло князя і дружыны, багатых баяраў, дзе захоўвалася гарадская казна, ладзіліся суды і выконваліся прысуды. А яшчэ за моцнымі сценамі хавалася зброя, каб абараняцца ад варожых нападаў. Калі гораду пагражалі ворагі, замак мог абараніць усіх жыхароў – і старога і малога.
Былі ў гісторыі нашай краіны часы, калі ніводнага года не абыходзілася без войнаў. То князі не маглі падзяліць паміж сабой землі і ўладу, то ворагі нападалі на нас. Большасць нападаў замкі вытрымлівалі, бо кіравалі абаронаю славутыя ваяры, вялікія князі: Міндоўг, Гедымін, Кейстут, Вітаўт.
Кожны замак меў свае асаблівасці. У Наваградскага замка ў розныя часы было да сямі вежаў. Самая знакамітая вежа – Шчытоўка, вышыня сценаў якой дасягала 25 метраў. Сцены замка і сёння памятаюць Міндоўга, першага князя і караля Вялікага Княства Літоўскага, мужнага і адважнага гарадзенскага кашталяна Давыда, які пад замкавымі мурамі сек крыжакоў.
Зусім іншая гісторыя ў Крэўскага замка. Аднойчы тут адбылося жахлівае злачынства. Князь Ягайла, якому карцела быць адзінаўладным гаспадаром, загадаў забіць свайго дзядзьку Кейстута. Потым у тую ж цямніцу пасадзіў і свайго стрыечнага брата – князя Вітаўта. Ды Вітаўт збег, пераапрануўшыся ў адзенне жончынай служкі. Пазней князі памірыліся, каб разам разбіць крыжакоў на славутым полі пад Грунвальдам у 1410 годзе.
Не ўсе замкі захаваліся да нашых дзён. Яны, як сапраўдныя ваяры-волаты, да апошняга змагаліся, каб абараніць краіну і свой народ. Толькі новай, магутнай зброі супрацьстаяць ужо не змаглі. А некаторыя, як Гальшанскі замак, па сваёй недасведчанасці людзі разбіралі на цэглу. І тым не менш, вандруючы па Беларусі, нельга не здзіўляцца прыгажосці і велічнасці гэтых волатаў. Разбураныя часам, яны і зараз паглядаюць на нас праз вежавыя байніцы, быццам пытаюць: ці здольныя мы сёння зрабіць для свайго народа тое, што некалі зрабілі яны.
(361 слова)
Паводле С. Тарасава
Похожие статьи:
Пераказы → «Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў!»