Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Камерная зала Вялікага тэатра

   Камерная зала тэатра – гэта невялікі пакой, дзе ўсе тэатральныя акцёры ці музыкі знаходзяцца як на далоні. Яна прызначана для вузкага кола гледачоў, перад якімі выступае некалькі артыстаў. Таму тут зусім іншыя зносіны з гледачом, больш даверлівыя і блізкія.
   У камернай зале Вялікага тэатра Беларусі пануе аўра сапраўднага музычнага мастацтва і прыгажосці. З 2011 года гэта зала носіць імя народнай артысткі СССР і Беларусі, вядомага опернага рэжысёра Ларысы Александроўскай.
   Ларыса Александроўская з’яўляецца ўвасабленнем Вялікага тэатра. Выдатная артыстка стаяла каля яго вытокаў, вучылася ў яго заснавальнікаў і стала адной з першых беларускіх прафесійных спявачак.
   У жыцці актрысы здаралася шмат яркіх і складаных сітуацый. Напрыклад, аднойчы ёй давялося выступаць з прывітальным словам перад дэлегатамі з’езда ў Маскве. Александроўская пачала зачытваць прывітанне, падрыхтаванае на рускай мове. І раптам яе перапынілі і папрасілі прамову ад беларускага народа рабіць па-беларуску. У зале наступіла мёртвая цішыня. Наперадзе яшчэ дванаццаць старонак тэксту! Александроўская выратавала і сябе, і беларускую дэлегацыю. Спатрэбіліся акцёрская школа і прафесійная звычка падпарадкоўвацца дырыжору. І Александроўская працягнула сваё выступленне па-беларуску. У канцы прамовы ў зале гучалі авацыі.
   З камернай залай звязаны адзін з самых вядомых творчых праектаў тэатра – «Музычныя вечары ў Вялікім». Артысты адкрываюць слухачам дзівосны свет вытанчаных вакальных і інструментальных мініяцюр, камерных опер, тэатралізаваных канцэртаў. У рэпертуары выканаўцаў гучаць як класічныя рускія рамансы, так і творы кампазітараў дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў, беларуская камерная класіка. Музычныя праграмы з вялікім поспехам прадстаўлены артыстамі тэатра ў шматлікіх дабрачынных канцэртах і акцыях, гастрольных паездках па Беларусі і далёка за яе межамі.
(247 слоў)

Паводле А. Радзікевіч

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыУ тэатры (Паводле М. Стэльмаха)

Пераказы, дыктантыТэатральны этыкет

Пераказы, дыктантыВялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі

Пераказы, дыктантыБеларуская батлейка

Алесь БадакАлесь Бадак - У тэатры