Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Калі настае Новы год
Нашы продкі былі вельмі працавітымі людзьмі. Яны сеялі хлеб, гадавалі жывёлу, будаваліся, выхоўвалі дзяцей. Сярод шматлікіх дзён цяжкой працы здараліся святы, вясёлыя і запамінальныя. Новы год – гэта самае старажытнае свята з усіх, якія толькі існуюць на зямлі. Першымі зрабілі запіс пра святкаванне Новага года яшчэ ў Вавілоне, у другім тысячагоддзі да нашай эры. З таго часу Новы год святкуецца весела і шумна, а само свята стала прыгожай традыцыяй. Гэта цудоўнае, светлае свята ўсе народы адзначаюць па-свойму, паводле непаўторных звычаяў. Праўда, гэты дзень выклікае аднолькавыя пачуцці радасці і надзеі на лепшую будучыню. Танцы, песні, гульні, святочная варажба прыносяць задавальненне ўсім людзям.
Напрыклад, немцы ў навагоднюю ноч складаюць прагноз надвор’я на год. Яны робяць гэта так: дванаццаць цыбулін – па колькасці месяцаў – кладзецца на стол. Папярэдне ў кожнай адразаецца хвосцік і ў невялікае паглыбленне засыпаецца соль. З дванаццатым ударам гадзінніка прагноз гатовы: цыбуліны, у якіх соль засталася, азначаюць сухія месяцы, а якія «з’елі» ўсю соль – дажджлівы і снежны час. Да навагодняй ночы немцы загадзя рыхтуюць ракеты, феерверкі, бенгальскія агні і шмат іншага, што страляе і рассыпае іскры.
Здаўна існавала павер’е, што на парозе Новага года грукатам і мігценнем феерверкаў можна адагнаць ад дома нячыстую сілу, каб яна не прынесла няшчасця ў гэтым годзе. Вось і чуюцца па ўсіх гарадах і вёсках у навагоднюю ноч выбухі, іграюць трубы, раздаюцца сірэны, гучыць вясёлая музыка. У кожнага чалавека ўздымаецца настрой, кожны радуецца жыццю.
У Грэцыі, як толькі гадзіннік паказвае дванаццаць, кожны, хто сядзіць за навагоднім сталом, атрымлівае кавалак пірага з сюрпрызам. Есці яго трэба асцярожна. Каму трапіць горкі перац, таму не будзе шанцавання. Калі ў кавалачку пірага знойдзецца манета ці пярсцёнак, то гэта да шчасця, кахання і багацця. У Іране на навагодніх сталах абавязкова павінна быць сем страў, назвы якіх пачынаюцца з літары «с». Лічыцца, што іначай гаспадары не будуць шчаслівымі ў наступным годзе. У Італіі, каб назаўсёды развітацца з мінулагоднімі няўдачамі, у апошнія хвіліны старога года з вокнаў будынкаў, нават шматпавярховых, выкідваюць непатрэбныя рэчы. Цікава, што часам уніз ляціць і старая мэбля.
У Японіі на Новы год людзі ўпрыгожваюць дзверы галінкамі сасны, бамбука і слівы. Сасна азначае даўгалецце, бамбук – стойкасць, а сліва, што квітнее сярод зімы, абяцае жыццярадаснасць сярод нягодаў жыцця. Жыхары гэтай краіны імкнуцца не пакідаць на наступны год нявыкананых абяцанняў і пазык. Вось чаму перад Новым годам усе заўсёды ў клопатах, аддаюць даўгі, выконваюць абяцанні. Яшчэ японцы лічаць, што чалавечае жыццё азмрочваюць сто восем нягодаў. Каб пазбавіцца ад іх, свята Новага года адзначаюць ста васьмю ўдарамі бронзавых званоў. Гукі ўдараў нават транслююцца па радыё і тэлебачанні.
Вось так шумна і весела сустракаюць у розных краінах светлае свята – Новы год. Як бы яго ні святкавалі, усе людзі спадзяюцца, што год будзе добрым і лагодным, прынясе радасць і шчасце. I гэта вера ў добрае, у светлае аб’ядноўвае, збліжае, дае надзею на заўтрашні дзень.
(462 словы)
Паводле I. Грыгор’ева.