Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Калі зацвітае чаромха...

   Ах, як любіў Іван Базылёнак салаўіны спеў! Ва ўсім раёне не было другога такога аматара салаўіных песняў, як Базылёнак. Салаўі кожную вясну прыляталі табунамі і сяліліся ў чаромхавых кустах, што ўшчыльную падступалі з боку заліўнога лугу да Базылёнкавай сядзібы.
   З-за салаўёў і выйшла ў Івана незвычайная загвоздка.
   А пачалося ўсё з ліпеньскага вечара, калі ў кузню да Базылёнка завітала суседка Ганна Міходзіха, прынесла ўшчэнт згарэлую ёмку і папрасіла адрамантаваць.
   – Тут от якая, суседка, справа, – сказаў ён, – чымся з трухлом важдацца, лепей ужо новую ёмку зрабіць. От так от!
   Базылёнак мінут за пятнаццаць выкаваў новую ёмку. Патрымаў у вадзе з хвіліну і перадаў жанчыне.
   Міходзіха памкнулася была торкнуць Базылёнку ў кішэню скамечаную траячку, але каваль вярнуў грошы назад і з дакорам паківаў галавою.
   – Ты гэтую сваю прывычку, Ганна, кінь.
   – То, можа, на чарачку?
   – Папрывыкалі от так от. А таго і не кумекаеце, што етым самым і свае, і людскія душы топчаце. Ідзі сабе і бывай здарова!
   Базылёнак начапіў на дзверы замок і ўжо хацеў быў ісці да хаты, як аднекуль данёсся жаласлівы енкат.
   Каваль у траве пад шырокім лемехам угледзеў невялічкае лісяня са светлай плямкай на шыі. Гэтая плямка навяла Базылёнка на думку, што лепшай назвы, чым Белашыйка, не прыдумаеш, і, засунуўшы лісяня за пазуху, стомлена пашкандыбаў дадому.
   За зіму Белашыйка вымахала амаль у дарослую лісіцу. Яна прывыкла да людзей і стала Базылёнкавай сям’і незаменнай уцехай. Дзеці Базылёнкавы, Ігар і Светка, нярэдка і пра ўрокі забываліся з-за гульні са сваёй любіміцай.
   Любіў Базылёнак прыцемкам мінут дзесятак пасядзець на ганку і паслухаць, як заліваецца ў чаромхавым кустоўі, за вярбою, салавей. От бо мастак! Ажно сем каленцаў выводзіць. От пяюн дык пяюн!
   – Ага, нічога сабе свішча, – казала жонка.
   Аднойчы Базылёнак не пачуў салаўя за вярбою. I не толькі яго. З другіх мясцін таксама не было чуваць ні гуку.
   А раніцай заўважыў на ганку маленькі шэры камячок.
   На другі дзень паўтарылася тое ж самае: на ганку ляжаў яшчэ адзін салавей.
   ...На наступную раніцу – адразу два.
   I тады Базылёнак ускіпеў не на жарт.
   – Хопіць! Баста!
   Ён мог дараваць Белашыйцы любую шкоду: Міходзішыных куранят, з-за якіх яму давялося шкандыбаць у раённы цэнтр з парожнім кашом, а назад з гаманлівым інкубатарскім племем, каўбасу, смятану, але ж толькі не салаўёў. Белашыйка, не ведаючы таго, замахнулася на самае святое, што любіў і цаніў Базылёнак у жыцці – на салаўіную песню, а гэта ўжо было вышэй бязмернай яго дабрыні.
   Ледзь дачакаўшыся выхаднога дня, Базылёнак зняў са сцяны старую дубальтоўку і пайшоў да чаромхавых кустоў, каб падпільнаваць там Белашыйку.
   Ах, як замалада любіў Іван Базылёнак салаўіны спеў! Нават цяпер, у свае даўно ўжо высокія і ціхія гады. Песня ранейшая, а толькі здаецца чамусьці Івану, што з’явілася ў ёй нейкая сумная нотка.
   Заслухаецца іншы раз Базылёнак, заплюшчыць павекі – і адразу перад ім блакітныя сынавы вочы і немае пытанне ў іх: «Тата, навошта ты забіў Белашыйку? Чым яна перад табой правінілася?»
   Пытанне гэтае сын задаў яму яшчэ ў той далёкі нядзельны ранак, калі гулкі стрэл ускалыхнуў чаромхавыя кусты. I хоць Базылёнак быў упэўнены, што паступіў правільна, аднак не змог тады даказаць сыну правату свайго ўчынку. А пасля, праз гады, і сам пачаў сумнявацца: а ці ж была яна за ім, тая правата? Можа, усё якраз наадварот? Можа, мудрая прырода знарок так прыдумала, каб у жыцці, як у той пчалы, і мёд, і яд вечна існавалі побач, і не чалавеку быць над тым суддзёй?
   Хто ж яго ведае, можа, і так.
(547 слоў)

Паводле А. Кандрусевіча.

Похожие статьи:

ПераказыВясна