Пацяроб распрацаваў геніяльны план правядзення запісу ў калгас.
Зранку ён пачаў з хаты ў хату абходзіць мястэчка. Якія ён ужываў метады агітацыі і прапаганды, заставалася на яго сумленні, але выходзіў ён адусюль з гордым выглядам пераможца.
А ў сёмай хаце не было дома гаспадара. У восьмай таксама. І тое самае ў дзевятай.
Пацяроб зразумеў, што гэта значыць. Ён перайшоў на другі бок мястэчка і пачаў ад першай хаты. Усё пайшло ў належным парадку.
А прыблізна ў сёмай хаце не было дома гаспадара. Пацяроб выйшаў на вуліцу і некаторы час абдумваў сітуацыю. Праз якую хвіліну ён павёў наступ па-іншаму. Ён нечакана з’яўляўся то ў тым, то ў другім канцы мястэчка. Потым пачаў практыкаваць хітрыя манеўры: намеціўшы пункт атакі, дэманстрацыйна абмінаў яго, а тады раптам вяртаўся і, як каршун на высачаную ахвяру, кідаўся на няшчасную халупу.
Па мястэчку пайшоў дзівосны рух. Гаспадары, туляючыся, пераходзілі з хаты ў хату, каб не трапіць на вока калектывізатара.
Так ваяваў адважны Пацяроб.
(156 слоў)
Паводле М. Зарэцкага