Усю вясну і лета Алесь працаваў на Каўказе ў даследчай групе. У гаспадара, дзе яны кватаравалі, быў вельмі злы сабака. Гаспадар проста не ведаў, як ганарыцца сваім верным служкам.
Неяк пад канец лета група адлучылася на некалькі дзён. А як вярнуліся дамоў, засталі Казбека хворым. Ён моўчкі ляжаў каля будкі і нават не глядзеў на людзей. Гаспадар патлумачыў:
– Сарваўся быў з прывязі мой Казбек, пабег у горы, а там падстрэлілі, відаць, паляўнічыя.
Параненая нага сабакі гнаілася. Алесь апрацаваў рану і завязаў бінтам. Казбек асцярожна падцягваў параненую нагу і скуголіў. Ён раз-пораз тыцкаўся мордай у Алесеву руку, лізаў яе, зазіраў у вочы.
Потым Алесь зрабіў яшчэ перавязку, і праз некалькі дзён Казбек пачаў злёгку наступаць на хворую нагу. Гаспадар радаваўся. Але сабака не выказваў яму ранейшай адданасці. Казбек цяпер трымаўся толькі Алеся.
У выхадныя дні юнак часта хадзіў з Казбекам у горы. Аднаго разу, ідучы дахаты пасля доўгага вандравання, Алесь надумаў пакупацца. Каму даводзілася купацца ў горных рэчках, той ведае, якая халодная ў іх вада. Алесь даплыў да сярэдзіны рэчкі, і тут ногі скруціла сутарга. Людзей паблізу няма, памагчы няма каму. Хлопчык ухапіўся за сваю апошнюю надзею: ён пачаў клікаць Казбека.
Па голасе сабака адчуў небяспеку і з разгону скочыў у ваду. Умомант ён апынуўся каля Алеся. Той ухапіўся за нашыйнік, і Казбек паплыў да берага. На беразе Алесь доўга расціраў ногі, а Казбек бегаў навокал і вішчаў ад радасці.
Пасля гэтага здарэння яны яшчэ больш здружыліся. Гаспадар убачыў, што Казбек любіць Алеся мацней, чым яго, і аддаў сабаку ў падарунак. З той пары яны не расстаюцца.
(260 слоў)
Паводле А. Пальчэўскага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Фомка
Пераказы, дыктанты → Шукаю гаспадара
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц