Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Каго шукае белая птушка?

   Каханне – вялікае і прыгожае пачуццё. Сапраўднае каханне сустракаецца не так ужо і часта. Светлае пачуццё маладосці чалавек праносіць праз усе гады. Нават у сталым веку ўспамін пра яго песціць і сагравае душу. Таму з вялікай асцярожнасцю, пашанай у народзе адносяцца да маладых. У песнях і казках прырода, людзі дапамагаюць закаханым, аберагаюць іх ад нядобрых і зайздросных людзей. Паслухаем адну з легендаў, што расказвае пра глыбокае, але нешчаслівае каханне.
   Гэта народная легенда распавядае пра падзеі, якія адбыліся шмат стагоддзяў таму ў маленькай вёсцы Зарэчча – прыгожым, маляўнічым кутку старажытнай Беларусі. Нездарма людзі пасяліліся менавіта ў гэтым месцы, дзе цудоўна спявалі птушкі, кветкі радавалі вока, ручаі беглі хутка, а сонейка радасна глядзела на ўсё гэта. У той вёсцы жыла прыгожая дзяўчына, якую звалі Ларыса. У яе былі блакітныя вочы, русыя валасы, стройная фігура, ды і па характары была яна добрая і вясёлая.
   Аднаго разу Ларыса збірала ў лесе ягады і пазнаёмілася з юнаком, які жыў у суседняй вёсцы. Яго звалі Ясь. Спадабаўся дзяўчыне прыгожы хлопец, зачаравалі яе яго выразныя вочы колеру зялёнага лісця, усхваляваў дзявочае сэрца прыемны, глыбокі голас хлопца. Маладыя закахаліся адзін у аднаго і сталі бачыцца амаль кожны дзень. Неяк раз гулялі яны па беразе рэчкі і сустрэлі там сяброўку Ларысы Вольгу. Убачыла тая прыгожага Яся і таксама закахалася ў яго. Марыла Вольга, каб і юнак адказаў ёй узаемнасцю. Ды дарэмнымі аказаліся ўсе яе хітрыкі і спробы завалодаць увагай хлопца. Каханне Ларысы і Яся было сапраўдным. Вырашыла тады Вольга звярнуцца да вядзьмаркі. Узяла свае завушніцы і пайшла ў лес, дзе жыла чараўніца. Пакрыўджаная дзяўчына растлумачыла ўсё жанчыне і расплацілася за дапамогу залатым упрыгожаннем. А тая працягнула ёй маленькі кубак і сказала даць выпіць некалькі кропель эліксіру закаханым.
   На другі дзень Вольга запрасіла Ларысу і Яся ў госці. Да пачастункаў яна падала адвар з чабору, у які падмяшала атруту. Закаханыя выпілі, але нічога з імі не здарылася. Тады Вольга зноў пайшла да вядзьмаркі. Тая дала ёй атручаны яблык.
   Аднойчы моладзь з вёскі пайшла купацца. Ясь паклікаў на рэчку і сваю каханую. Ларыса з іншымі дзяўчатамі сабралася ісці купацца, а Ясю, які застаўся на беразе з хлопцамі, прапанавала паласавацца смачным яблыкам. Пакуль дзяўчаты забаўляліся ў рэчцы, Ясь пакаштаваў яблык.
   Калі Ларыса вярнулася, то каханага ўжо не ўбачыла, толькі пакусаны яблык валяўся каля кошыка. Сказалі дзяўчыне, што Ясь адкусіў кавалак яблыка, збялеў як палатно, пабег у ваду, а назад не выйшаў. Не знайшлі яго ні жывога, ні мёртвага. Тады Ларыса ўзяла і даела той зачараваны чырвоны яблык. Але яна не памерла, а ператварылася ў белую птушку, якую назвалі чайкай. Вось і лятае яна ўсё жыццё над ракой ды шукае свайго каханага. А Вольга ў жыцці шчасця так і не знайшла. Мабыць, пакараў яе лёс за нядобрыя справы.
   Легенда вучыць, што зайздросціць чужому каханню нельга. Трэба ўмець радавацца за іншых.
(459 слоў)

Паводле М. Саньвы.