Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Кава
Найбольш верагоднай радзімай кававага дрэва лічыцца паўднёва-заходняя горная правінцыя Кафа ў Эфіопіі, аднак у культуру яно было ўведзена на Аравійскім паўвостраве ў XIV–XV стст. Партовы горад Аль-Мога (найбольш вядомы ў еўрапейскай традыцыі як Мока) на ўзбярэжжы Чырвонага мора стаў цэнтрам гандлю кавай, адсюль паходзіць і назва найлепшага гатунку – мока.
У Еўропе кава пачала эпізадычна з’яўляцца на пачатку XVІІ ст. Сапраўднае распаўсюджванне кавы на кантыненце адлічваецца ад 1669 г., калі турэцкі амбасадар у Парыжы Сулейман Мустафа Рача частаваў шматлікіх гасцей напоем. Палітычная місія не ўдалася, а кава мела вялікі поспех. У XVІІІ ст. спажыванне кавы моцна ўзрасло па ўсёй Еўропе – вытворчасць кавы была наладжана у многіх калоніях. Сусветны рынак залежаў ад адных толькі плантацый у наваколлі аравійскай Мокі і еўрапейскі імпарт непазбежна быў абмежаваны, пакуль кававыя дрэвы не пачалі вырошчваць на Яве, Марцініцы, Ямайцы.
Пад камандаваннем Яна Сабескага аб’яднаныя сілы Рэчы Паспалітай (а змагаліся і войскі ВКЛ – цяжкая конніца надворнага маршалка Язэпа Слушкі і брыгада віленскага кашталяна Эрнеста Дэнгафа), Габсбургаў і нямецкіх князёў разбілі асманаў пад Венай у 1683 г., што стала вызначальнай падзеяй у спыненні экспансіі Турцыі ў Еўропе. Пераможцам дастаўся таксама турэцкі абоз, пасля чаго, дзякуючы Францішку Кульчыцкаму, ураджэнцу Рэчы Паспалітай, у Вене з’явілася першая кавярня. Супрацоўніцтва з суседам-пекарам дало пачатак венскаму кававаму стылю – з багатым дадаткам прысмакаў.
Сам факт пашырэння кавы на нашых землях досыць цікавы: сваю ролю адыгралі традыцыі арыенталізму, які цалкам упісваўся ў сармацкую канцэпцыю светапогляду, а таксама часткова канстытуяваная еўрапейскім уплывам модная тэндэнцыя.
Не толькі назва самога прадукту – кава (паходзіць ад арабскага kahwa праз турэцкае kahve) – была запазычана ў беларускую, польскую (kawa), украінскую (кава), літоўскую (kava) мовы з Усходу, але і найменні шэрагу адпаведных прылад вядомыя ў беларускай ці польскай мовах як арыенталізмы: філіжанка (тур. fildijan), імбрык (тур. ebrek), джэзва (варыянт – турка).
Пашыраная ў Заходняй Еўропе назва напою паходзіць ад koffie – галандскай формы запазычанага турэцкага kahve. Якраз галандцы першымі пачалі вырошчваць каву на трапічных выспах і масава экспартаваць яе ў Еўропу.
Адам Міцкевіч уславіў нават не спажыванне, а гатаванне кавы ў правінцыйных шляхецкіх маёнтках, дзе «для раблення кавы ёсць асобная жанчына – называецца кавярка». Паводле «Пана Тадэвуша» кава пры двары Сапліцаў выглядала «чорнай, як вугаль» і мела «празрыстасць бурштыну, водар мокі ды гушчыню мёду.
Паводле А. Белага