Звычайнае прывітанне – поціск рукі – узнікла шмат стагоддзяў назад. Тады нашы продкі былі вандроўнымі паляўнічымі ў неабсяжных прасторах лясоў і стэпаў, а свет для іх быў поўны небяспекі. Калі сустракаліся незнаёмыя людзі, яны нейкі час здалёк уважліва вывучалі, разглядалі адзін аднаго, потым, калі былі мірна настроены, набліжаліся з працягнутай наперад далонню рукі. Тым самым паказвалі, што ў ёй не заціснуты камень ці іншая зброя. Сышоўшыся, яны абмацвалі адзін у аднаго правую руку, каб пераканацца ў мірных намерах. Так і ўзнік звычай рукапаціскання.
Пацалунак выказваў пачцівасць уладным людзям. У залежнасці ад становішча, якое займала персона, ёй цалавалі ногі, калені, бараду, валасы ці руку. У сувязі з гэтым была нават прафесія "рукацалавальніка". Ён абавязкова прысутнічаў на ўсіх вялікасвецкіх аўдыенцыях. У перыяд сярэдневякоўя лічылася, што, пацалаваўшы прыгожую жанчыну, мужчына можа пазбавіцца ад галаўнога болю. Адсюль і пайшоў выраз "з хворай галавы на здаровую".
(139 слоў)
Паводле І. Шпадарука