Непрыступнай крэпасцю стаіць зачараваны сцюжай зімовы лес. Здаецца, усё жывое ў ім замерзла да вясны. І толькі яна, красуня, сваім прыходам здольна будзе ўдыхнуць у яго жыццё.
Але гэта першае ўражанне падманлівае. Лес і ўзімку жыве сваім звыклым, напружаным жыццём, толькі менш прыметным, прыхаваным глыбокімі снягамі.
Невялікая паляна. Пад белай бярэзінай пень чарнее. А на ім дзяцел працуе. Чырвонагаловы каваль так заўзята б’е моцнай дзюбай па пні, што толькі трэскі ляцяць у розныя бакі. Лясны доктар ежу здабывае ў гнілой драўніне. Можаце побач прайсці і не пачуць яго стуку ў глухім, заваленым снегам лесе.
А вунь клапатуха-вавёрка цёплай рукавічкай перакінулася з аднаго дрэва на другое. Пушысты звярок адшукаў на старой елцы важкую залацістую шышку. Адарваў яе, зручна ўмасціўся на суку, і тут жа пасыпаліся на мяккі снег пад дрэва рыжыя лусачкі.
А які, скажыце, лес без зайца? Ды і ці толькі лес! Ён і на полі бывае, і на лузе. Нават на пустцы, калі там знойдзецца які чубок сухой травы, дзе можна было б схавацца. Зайца, праўда, цяжка ўбачыць, бо ён начны руплівец. Удзень ён сцішана ляжыць у сваёй схованцы, пільна сочыць за наваколлем. Але, пры жаданні, сустрэць зайца можна. Варта адшукаць след звярка і прайсці па ім. Шарачок падпусціць вас блізка і, раптоўна падхапіўшыся з месца, кінецца з усіх ног па бялюткім снезе.
Ліса – хітры, скрытны звер. Але ўсё ж калі-нікалі давядзецца паназіраць, як яна адмыслова выбаўляе з-пад снегу мышэй і потым, скачучы, нібы кот, ловіць іх.
Не рэдкасць пачуць у зімовым лесе чубатага рабчыка. Пракрумкае ўгары над дрэвамі вартавы неба – крумкач. Узбуджана закрычыць скрытная сойка. А то часам сустрэнецца самотнік-дзік ці нават сам шэры валацуга-воўк.
Цудоўны зімовы лес! Цікава ўзірацца ў яго белыя палацы і адкрываць у ім таямніцы жыцця.
(284 словы)
Паводле Р. Ігнаценкі
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Сон у лесе
Максім Гарэцкі → Максім Гарэцкі - У панскім лесе
Пераказы → У лесе
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Стары лес
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні