Калісьці малым я прачытаў у адной кніжцы пра дзівосны лясны край – Палессе. У ёй з такой замілаванасцю расказвалася пра яго таямнічыя пушчы і салаўіныя гаі, пра шырокія квяцістыя лугі і абласканыя сонцам жураўліныя балоты, пра чыстыя крынічныя рэкі і сінія люстэркі азёр, што мне захацелася пабываць там, каб на свае вочы пабачыць тую красу. Толькі значна пазней я даведаўся, што мая Зялёная Дуброва з усімі яе ваколіцамі і ёсць тое самае Палессе.
Кожная вёска, як і чалавек, мае сваё ўласнае аблічча. Зялёная Дуброва – вёска невялікая, якая ўзнікла на самым пачатку мінулага стагоддзя. У часы самага росквіту тут было крыху больш за семдзесят двароў.
Лясы абступаюць нашу вёску з усіх бакоў і цягнуцца ў некаторых кірунках без канца і краю.
Помню, як у школьныя гады я надумаў дайсці да краю лесу, што цягнецца на паўночны ўсход. Строга трымаючыся гэтага кірунку, прадзіраючыся праз лясныя гушчары, блытаючыся нагамі ў верасах ды папаратніках, залез тады ў такія глухія нетры, што ледзьве адтуль выбавіўся. Так і не дайшоў я тады да таго зваблівага канца-краю…
Сярод нашых лясоў можна напаткаць папраўдзе цудоўныя мясцінкі, з жураўлямі і журавінамі балоты і балотцы, чыстыя, як слязіна, крыніцы і блакітныя, як само неба, азёры гаючай вады. Цудоўная Палеская зямля!
(201 слова)
(Паводле К. Цвіркі)
Похожие статьи:
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - На Палессі...
Пераказы, дыктанты → Палесся абрус аксамітны
Пераказы, дыктанты → Прыпяцкі запаведнік
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Гарывада
Пераказы, дыктанты → Сцяжынкамі Янішчыц