Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Зубры

   У той халодны лістападаўскі дзень сям’я зуброў не прыйшла да кармушак. Гэта вельмі ўстрывожыла даглядчыкаў. Сяргей Фёдаравіч доўга гукаў зуброў і звонка стукаў у парожняе вядро.
   Звычайна пасля такога запрашэння на абед да кармушак з усяе сілы беглі зубры. Але мінула больш за гадзіну, а зуброў усё не было. Нарэшце на палянку выйшла чарада зуброў. Толькі чамусьці іх было менш, чым заўсёды. Наперадзе ішоў Пум, высокі, гарбаты, з шырокім каркам.
   Зубры падышлі да кармушак, ухапілі крыху корму і заспяшаліся назад у лес. Сяргей Фёдаравіч непрыкметна ішоў за імі. На невялічкай палянцы, у кустах, наглядчык убачыў зуброў, якія цесным колам стаялі вакол нованароджанага зубраняці. Яны дыхалі на малога, баючыся, каб ён не змёрз. Пум стаяў побач з зубранём і адганяў тых, хто хацеў дакрануцца да малога.
   Назаўтра раніцай зубры зноў спазніліся на падкормку. Але хутка з лесу паказалася чарада лясных волатаў. Наперадзе, як заўсёды, Пум, за ім ішло маленькае зубраня. Маці ласкава падштурхоўвала яго. Астатнія зубры ішлі следам.
   Зубраня расло, дужэла, на лбе прарэзаліся рожкі – надзейная і грозная зброя зуброў.
   Пум пачаў вучыць малога здабываць сабе ежу. Стары зубр навальваўся ўсім целам на граб або рабіну, прыгінаў дрэва да зямлі і трымаў яго пад сабою, а зубраня аб’ядала галінкі.
   Зубраня было вельмі вясёлае, жвавае і любіла забаўляцца з Пумам. Калі малы заўзята пачынае наступаць, Пум адыходзіць, нібы паддаецца, і нарэшце кідаецца наўцёкі. Тады зубраня радасна бяжыць за ім, каб дагнаць.
   Аднойчы Сяргей Фёдаравіч выйшаў з зуброўніка, а тут малы раптам наляцеў на яго і стукнуў ілбом так, што даглядчык бухнуўся ў снег.
   «Ну і ну»,– падумаў Сяргей Фёдаравіч і хацеў падняцца на ногі. Але зубраня зноў падбегла да яго і нагнула галаву для новага ўдару. Яно шалела ад радасці, адчуўшы сябе пераможцам.
   Ды тут Сяргей Фёдаравіч злаўчыўся, схапіў яго адной рукою за правую нагу крыху вышэй капыта, а другой рукою за рожкі і зваліў на снег.
   Зубраня не чакала гэтага. Яно хуценька ўсхапілася на пругкія ногі і здзіўлена пазірала на даглядчыка. Малое, відаць, адчула сілу і спрыт чалавека.
(328 слоў)

 

Похожие статьи:

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Белавежаю крочаць зубры...

ПераказыЗубры

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Мы – як зубры...