Было ціха. Толькі тугія хвалі з мяккім шоргатам накочваліся на бераг. Пры чыстым небе мора праглядвалася далёка.
Па небе плылі беласнежныя кучаравыя воблакі, а па моры ад гэтых воблакаў раз-пораз праплывалі цені, у якіх, здавалася, вада станавілася яшчэ сінейшаю.
Нагледзеўшыся на гэту сінюю далячынь, Люся паднялася з каменя і пайшла ў бок шашы, адкуль нават праз шум мора чуўся несціханы гул машын.
І раптам Люся спынілася, здзіўленая і ўражаная. Перад ёй аднекуль з’явіўся дзівосны будынак, падобны ці то на манастыр, ці то на замак. Колькі разоў хадзіла тут, прыглядалася, а ніколі такога не бачыла. Ногі мімаволі панеслі яе да загадкавай будыніны. Ішла хутка, пільна ўзіраючыся наперад. Хвілін праз дзесяць Люся спынілася і расчаравана ўздыхнула: наперадзе стаяла падмытая морам выспа.
– Міраж, – з сумам прашаптала Люся.
Ці не так у жыцці? Доўга-доўга хваляваў і вабіў незвычайнасцю нейкі далёкі таямнічы свет, а калі нарэшце ўвайшла ў яго, агледзелася, то нічога незвычайнага або загадкавага ці таямнічага не ўбачыла. Міраж...
(155 словы)
Паводле А. Цяжкага