Зерне і вочы… Вось што займала мяне найбольш змалку. Цэлымі днямі я мог глядзець на арэх, гарошыну альбо на іншае якое-небудзь зярнятка, дзівячыся той неверагоднай сіле, што закладзена ў ім. Варта яму толькі дакрануцца да зямлі – і адбываецца цуд: зерне ажывае, пускае карані, прарастае. Само памірае, каб даць жыццё другім зярняткам. Тых, другіх, чакае той жа лёс: паспеўшы, яны таксама змушаны будуць загінуць і нарадзіць новыя зярняты. І так бясконца, так вечна: адно памірае, другое нараджаецца.
Яшчэ цікавей думаць пра вочы. Дзеля чаго яны дадзены ўсяму жывому? Каб бачыць свет, яго колеры, барвы. Але ж вочы не толькі бачаць – яны і гавораць без слоў, што ў каго ў думках, на сэрцы, на душы. Шмат самых розных вачэй сустракаў я на сваім вяку: блакітных, як валошка, чорных, бы вугаль, карых, як згусткі мёду, шчырых, даверлівых і хітрых, смелых і сарамлівых, сумных і ўсмешлівых, цікаўных, задумлівых і безуважных да ўсіх і ўсяго. Але з тых вачэй, што давялося мне бачыць, запомніліся на ўсё жыццё толькі вочы матулі.
Было гэта на самім пачатку маёй свядомасці. Я тады цяжка хварэў, і мама не адыходзіла ад мяне ні на хвіліну. І калі мне стала лягчэй, я расплюшчыў павекі і ўбачыў матуліны вочы. Колькі адчаю, надзеі і ласкі было ў іх! Шмат разоў бачыў я потым маміны вочы – у радасці і ў журбе, у горы і ў няшчасці, – але такіх вачэй, як тады, ніколі не выпадала бачыць.
(231 слова)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Вочы Твае
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Твае вочы
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Ляжаць на далоні зерні...
Пераказы, дыктанты → Вочы