Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Здрада
Кожны год улетку Міхась абавязкова наведвае сваё ціхае Заброддзе, дзе нарадзіўся, пражыў сямнаццаць самых яркіх на ўражанні гадоў. I кожны раз, наведваючыся туды, згадвае першую ў яго жыцці здраду. Сустракае часам і свайго аднакласніка, гмброўства з якім, абпаленае тою здрадаю, так і не аднавілася.
Здарылася гэта ў першым класе. Была вясна, лашчыла зямлю лагоднае сонейка. Да Міхася прыбег яго найлепшы сябар Лёшка і прапанаваў пайсці да раўчука і пакатацца на крыгах. Нагуляліся яны ўволю, але і вады ў боты панабіралі. Трэба было бегчы дадому, каб высушыцца. Ды Лёшка нечакана прапанаваў раскласці цяпельца каля раўчука. Па-змоўніцку ўсміхаючыся, сябар дастаў з кішэні запалкі.
Хутка сабралі галля, палак, але агонь раскласці не ўдалося: усё было сырое. Тады Лёшка паказаў на стажок саломы, што жаўцеў на суседскіх градах. Пачалі яны выскубаць са стажка зляжалую за зіму салому. Завіхаючыся, Міхась і не прыкмеціў, як яго сябар чыркнуў запалкай. Адчуўшы дым, Міхась падскочыў да Лёшкі. Яны пачалі рукамі збіваць полымя з абсушанага на вясновым сонцы стажка, але патушыць яго не ўдавалася.
– Патрэбна вядро, вада ж побач, – зашаптаў спалоханы Лёшка.
Міхась стрымгалоў кінуўся па вядро. Убег у хату, ухапіў першае вядро, якое трапілася пад рукі. Але каля варотцаў на агарод яго, мокрага, спыніла маці і загадала лезці сушыцца на печ.
– Мамачка, пусці, я хутка вярнуся, – заплакаў Міхась, баючыся выдаць Лёшку.
У гэты момант каля стажка, абвітага полымем, пачуліся крыкі, і маці, заўважыўшы пажар, кінулася з вядром туды. Па яе твары Міхась зразумеў, што яна пра ўсё здагадалася. Больш таго, маці, напэўна, палічыла падпальшчыкам сына.
Ужо калі Міхась сагрэўся на печы, маці вярнулася ў хату. Яна плакала. Міхась таксама горка заплакаў ад таго, што маці плача праз яго, ды яшчэ невінаватага.
Праз колькі часу прыехаў з працы тата, якому, вядома, суседзі ўсё расказалі. Бацька сцягнуў сына з печы, і ягоная папружка заскакала па целе Міхася. Маці прыбегла на дапамогу, вырвала з бацькавых рук папружку. Тата павёў сына да Лёшкі. Міхась узрадаваўся, спадзеючыся, што неўзабаве ўсё высветліцца. Але Лёшка, які ўмінаў дома вішнёвае варэнне, спакойна і ўпэўнена заявіў, што стажок падпаліў Міхась, а ён падняў крык і паклікаў людзей, дзякуючы чаму ўдалося ўратаваць пабудовы. Лёшкава здрада балюча апякла ўсю Міхасёву істоту.
Ён ніколі не прыгадваў Лёшку той выпадак, хоць дзесяць гадоў яны вучыліся ў адным класе. I толькі гадоў праз трыццаць, калі ў хаце гаспадара таго стажка ў прысутнасці Лёшкі Міхасю зноў нагадалі, што ён ледзь не спаліў усю сядзібу, а Лёшка выратаваў, ён, спакойна і цвёрда глянуўшы ў Лёшкавы вочы, сказаў:
– Можа, цяпер прызнаешся, як усё было?
Аляксей сумеўся, але заявіў, што нават не памятае таго здарэння.
Крыўда на Лёшку развеялася даўным-даўно. Таму, прыязджаючы на радзіму і выпадкова сустракаючы Аляксея, Міхась заўсёды падае руку. I тады яму становіцца шкада Аляксея, бо па вачах разумее, што недзе на дне яго душы варушыцца кволае адчуванне віны. Шкада, што ён ніяк не здагадваецца пазбавіцца ад яго адным словам: «Прабач».
(469 слоў)
Паводле М. Пазнякова.
Похожие статьи:
Пераказы → Клён (Паводле М. Пазнякова)