Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Звяркі-перасяленцы

   У зручных мясцінах на Беларусі водзяцца перасяленцы з Амерыкі – андатры. Яны, як і бабры, вадзяныя жыхары, нават чымсьці падобныя да баброў, але значна меншыя.
   Харчуюцца андатры раслінамі. У іх рацыёне хвашчы і іншыя вадзяныя расліны з белым салодкім карэннем. Са зрэзаных сцяблоў андатры робяць хаткі на вадзе. Дзе яны з’явіліся, там знікаюць цэлыя гектары трыснягу ці чароту над вадою.
   Хвасты ў баброў падобныя да кароткай, шырокай і тоўстай лапаткі. У андатры ж хвост доўгі і вузкі, як папружка. Калі бабёр харчуецца выключна раслінамі, то андатры патрэбен і мясны рацыён. Яна знішчае шмат малюскаў на дне. Жыруе андатра ў сваёй пастаяннай сталоўцы. Гэта можа быць вялікая купіна пры самай вадзе. Паверхня такой купіны гладка вытаптана і ўся закідана пустымі ракавінамі з’едзеных звярком малюскаў. Калі андатра знойдзе кавалак дошкі, то прыцягне яе нават здалёк і пакладзе, нібы гэта стол, на беразе. Дошка зусім чыстая, бо рэшткі абеду андатра спіхвае ў ваду.
   Рыбу, што загінула і трапляецца ля берага, андатра ніколі не кране. Але калі давядзецца злавіць жывую плотку, звярок плыве з той рыбінай у зубах да сваёй сталоўкі і там, на дошцы, яе з’ядае. Дзе пасяляецца андатра, не ўбачыш ніводнага вадзянога пацука. Іх андатры бязлітасна знішчаюць як канкурэнтаў па харчаванні.
   Андатры вельмі спрытныя як на вадзе, так і на сушы. Яны часта перашкаджаюць вудзіць рыбу. Можна колькі разоў спрабаваць хвастануць па звярку вудзільнам, але трапіць наўрад ці ўдасца: кожны раз андатра паспее даць нырца. Здараецца і так, што андатра пачэпіцца на вясло, узлезе на яго і чысціць лапкамі свае вусы. Тарганеш вяслом – і яна тут жа знікае, толькі кругі па вадзе.
   I яшчэ адзін перасяленец жыве ў нас, але яго завезлі не з-за акіяна, а з Далёкага Усходу. Гэта ўсурыйскі янотападобны сабака, дакладней – янотка. Янотам гэтага звярка завуць памылкова. Сапраўдны янот значна меншы, жыве на дрэвах. Усё, што зловіць, абавязкова памые ў вадзе і толькі тады з’есць. Поўная яго назва – янот-паласкун. У абодвух – нібы чорныя акуляры вакол вачэй, але на гэтым іх падабенства і канчаецца, бо янотка жыве на зямлі, на дрэвы не залазіць, ён даволі неахайны і нічога ў вадзе не мые, дзе што зловіць, там і з’есць. А спажывае ён усё: і вужа, і жабу, і жука, і птушку з тых, што робяць гнёзды на зямлі.
   Янотка – звер начны. Удзень ён адпачывае дзе-небудзь у гушчары. Ногі ў яго кароткія, чорныя, сам жа шэра-жаўтаваты, калматы. Калі яго напаткаюць сабакі, ён нават не абараняецца: выскаліць зубы і натапырыць поўсць, таму здаецца большым. Як толькі янотку схопіць сабака, ён тут жа робіцца як нежывы. Сабакі кідаюць яго і чакаюць паляўнічых. Тыя возьмуць янотку, пакладуць у торбу і дамоў. У хаце выцягнуць здабычу, а звярок глядзіць сабе зялёнымі вочкамі з-за чорнай маскі і нібы смяецца.
   Звярок гэты смелы, нават нахабны, да таго ж вялікі злодзей. Ён, бывае, абкрадзе ноччу нявопытных турыстаў, знішчыць несхаваную ежу. А тыя раніцай дзівяцца, куды што падзелася, і падазрона паглядаюць, дзе ж той, што ноччу цішком усё паеў.
(466 слоў)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

ПераказыБелая студзеньская казка

ПераказыКастрычнік

ПераказыВаяўнічыя бабры

ПераказыПрадвесне

ПераказыЛіпень